Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 54

Сергей Песецкий

Берагам Сьвіслачы яны выйшлі на вуліцу Вясёлую. Спыніліся на мосьце.

— Можа пойдзем за горад? — запрапанаваў Раман.

Лізка ахвотна згадзілася. Раман купіў чарэшні ў гандляркі, што праходзіла міма, і яны пайшлі на Слабодку. Пасьля скіраваліся ўздоўж чыгуначнай каляіны да Архіярэйскага лесу. Спыніліся на беразе ручая, які працякаў пад чыгуначнай наспай. Лізка пачала здымаць туфлікі, але Раман узяў яе на рукі і ўвайшоў у ваду. Спыніўшыся пасярэдзіне ручая, ён зрабіў выгляд, што хоча яе кінуць.

— Ох, Ромка.

Упершыню яна назвала яго па імені. І так моцна прытулілася да яго ўсім целам. У Рамана пацямнела ўваччу. Як мага хутчэй ён вынес дзяўчыну на бераг.

— А мой туфель?

Туфель плыў у ручаі, зьнікаючы пад мостам. Давялося перабегчы чыгуначную наспу і лавіць яго на другім баку.

— Мокры, — засмуцілася Лізка.

— Высахне, — суцяшаў яе Раман.

— А як я пайду далей?

— Басанож.

— Гэта нядобра.

— Чаму? А як прыемна. Зямля цёплая. Трава, як аксаміт. Я таксама здыму чаравікі.

Яны пайшлі далей басанож, несучы абутак у руках. Калі Лізка, расказваючы штосьці, зноў зьвярнулася да Рамана на «вы», хлопец сказаў:

— Калі ласка, кажыце мне «Раман». Як там, у ручаі.

— Там я са страху.

— Тады я буду вас увесь час палохаць.

— Ага, вы таксама да мяне на «вы» зьвяртаецеся.

— Буду казаць «Ліза». Згода?

— Добра.

Аднак гэта зьбянтэжыла іх. Далей яны ішлі моўчкі.

Зь лесу павеяў лёгкі цёплы вецер — нібы ўздыхнуў нехта. Па-над дрэвамі павісла вялізнае ружовае кола сонца. Стала зырка-чырвоным і заліло пурпурам усё наўкола… Трохі чырвані, блакіту — нічога болей, а які цудоўны стаў краявід… Забудзешся, што жывеш!

Раман зь Лізкай ішлі ў гэтую зару. Ішлі ружовымі ступнямі па ружова-смарагдавай траве і несьлі ў вачах пурпур радасьці жыцьця і сьпёку гарачай крыві.

Яны набліжаліся да лесу. Чорныя камлі дрэваў стаялі шчыльнай сьцяной, але калі Раман і Ліза набліжаліся да іх, разыходзіліся ў бакі, даючы прайсьці. Можа, нават аглядаліся… А верхам ішоў ціхі, дзіўны шэпт. Раман узяў Лізку за плячо.

— Што? — чамусьці шэптам сказала яна.

Раман адчуў, што яе рука дрыжыць. Убачыў яе бледны твар і вялікія цёмныя вочы. Вельмі цёмныя, глыбокія, і Раману здавалася, усё глыбейшыя.

— Якія ў цябе дзіўныя вочы!

Дзяўчына прыкрыла павекі і адхіліла галаву назад. Раман зразумеў бяз словаў і паволі дакрануўся вуснамі яе вуснаў, а пасьля ўпіваўся ў іх штораз мацней, пакуль не адчуў боль і салоны смак. Параніў губу аб зубы.

Яны ішлі далей, трымаючыся за рукі. Як дзеці. І пачуваліся дзецьмі ў гэтым цёмным лесе, сярод вялізных дрэваў, і таму туліліся адно да аднаго і дрыжэлі, баючыся глядзець адзін аднаму ў вочы, баючыся размаўляць.

Дрэвы разышліся ў бакі, утвараючы кола. Раман і Ліза ўвайшлі ў яго. Бліснула вада. Маленькае, самотнае лясное азярцо — сумнае вока зямлі. Але ў глыбіні яго дзівосы: там дрыжаць і танчаць зоркі, падвешаныя на невідочных промнях. А месяц адчайна нырае ў глыбіні, раскідаючы зоркі ў бакі.