Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 53

Сергей Песецкий

Мужчына насупраць выцягнуў з пачка папяросу. Выгнуў пальцамі гільзу, пастукаў аб века пачка і пачаў шукаць у кішэнях запалкі. Не знайшоў. Засмуціўся. Паглядзеў на Рамана, які паліў, і пераходзячы наўскасяк алею, ветліва ўсьміхнуўся:

— Грамадзянін, можна ў вас папрасіць агню?

— Агню? Што? Можна папрасіць. А як жа. Агню можна. Ну натуральна, можна. Чаму не. Для грамадзяніна. Нават зь вялікім задавальненьнем. А як жа. Агню…

Незнаёмец пачаў адступаць, зьдзіўлена гледзячы на Рамана. Раман, не прапануючы прыпаліць ад папяросы, дастаў з кішэні каробку запалак, выхапіў зь яго жменю, чыркнуў аб пачак і працягнуў шыпячы пучок незнаёмцу:

— Калі ласка, грамадзянін. Агню да халеры. Можна сьвіньню абсмаліць. Можа, вам яшчэ нешта трэба? Напрыклад, вады, льду ці гарылу ў нос пацалаваць? А агню? Дробязь. Даць яшчэ? Жадаеце? Калі ласка! — ён запаліў некалькі запалак.

Аднак незнаёмец ужо ўцякаў да сваёй лаўкі. Узяў за руку хлопчыка, схапіў парасон і хапатліва пайшоў да выйсьця з алеі. Па дарозе мужчына колькі разоў аглядаўся. Раман расьсьмяяўся, лёг на лаўку і ўтаропіўся ў неба. Праз пэўны час яму пачало здавацца, што блакіт неба падае ўніз і што капаюць зь яго залатыя бліскаўкі… Ніжэй, ніжэй, ніжэй… Раптам ён пачуў лёгкія крокі. Сеў на лавачцы і ўбачыў за колькі крокаў ад сябе Лізку. Дзяўчына весела сьмяялася.

— А вы спалі! Я думала, што вас занепакоіць маё спазьненьне, але мне так цяжка было вырвацца з дому.

Лізка села на лаўку.

— Я трохі стамілася. Ледзьве ня бегла.

Раман ня мог адарваць ад яе вачэй.

— Што вы на мяне так глядзіце?

— Бо вы мне падабаецеся.

Вочы Лізкі бліснулі. Рамана зьдзіўляла, што гэтыя вочы штораз здаюцца яму іншымі, што ён ня можа вызначыць іх колеру.

А дзяўчына, весела ўсьміхаючыся, расказвала, як цяжка ёй было прыйсьці на спатканьне.

— Што ў вас пра мяне кажуць?

— Нічога дрэннага. Тата вас любіць. Іншыя кажуць, што вы мілы і вясёлы. А калісьці так страшна абураліся. Жахліва! Асабліва Кобзаў і мама. Гэта ўсё праз тую гісторыю з Азімавым.

Лізка весела расьсьмяялася, і сьмех яе паплыў у гарачым паветры. Раману падалося, што ў парку стала так ясна і весела. Яны пайшлі алеяй да ракі. Лізка была ў вельмі добрым настроі і бесьперапынна апавядала Раману розныя сьмешныя гісторыі:

— Ведаеце, Зоська купіла на рынку ката. Мама абуралася: дзе гэта бачылі, ката купляць! Столькі гэтага дабра ходзіць! А яна нічога. Ведаеце, як яна яго назвала?… Юпітэр. Мы так сьмяяліся. Кот брудны, брыдкі. А яна яго цалуе і цалуе. Аднаго разу муж Зоські ўзяў яго на калені. Аглядзеў яго і кажа: «Што ж гэта за імя — Юпітэр? Неадпаведнае. Гэта ж котка. Назаві яе хіба Вэнэрай». Колькі сьмеху было. Страшна. А Зоська так раззлавалася. Нагамі тупае: «Вы ўсё мне на злосьць робіце! Хай бы быў Юпітэр. А ты, Ваня, сьвіньня вульгарная, што кату паміж лап заглядаеш!» Яна расплакалася, а ката выкінула.

Раман глядзеў Лізцы ў твар, падтакваў і зусім ня чуў, што яна апавядала. А яна гаварыла так цёпла, так прыгожа блішчэлі яе вочы, так салодка ўсьміхалася, што Раману здавалася, быццам яго сэрца хтосьці сьціскае ў руцэ.