Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 52

Сергей Песецкий

Раман паглядзеў на яго са зьдзіўленьнем, дастаў з кішэні колькі цукерак і прапанаваў яму.

— Ты мне падабаешся, Паўлуша. Вельмі падабаешся! Вазьмі цукеркі.

Аднак хлопец ня ўзяў. Адмову патлумачыў наступным чынам:

— Па-першае: слодычы разбураюць зубную эмаль, пранікаюць у пульпу і раскладаюць яе. Зь цягам часу гэта прыводзіць да зубнога болю, а ў выпадку занядбаньня могуць узьнікнуць абсцэсы і сур’ёзныя запаленчыя працэсы. Па-другое: я харчуюся чатыры разы на дзень — паводле раскладу. Страўнік прызвычаены да гэтага і ў адпаведны час выдзяляе неабходную колькасьць кіслаты. Таму я мяркую, што есьці ў перапынках — нерацыянальна. Па-трэцяе: слодычы вырабляюцца з сурагатаў; гігіенічныя захады пры іх вытворчасьці недастатковыя; фарбавальнікі цукерак шкодныя для арганізму. Акурат гэты чыньнік рашуча ўплывае на маю адмову ад цукерак.

— А ці ня можна даць гэтаму рады: зрабіць так, каб наглыя савецкія фабрыкі не рабілі для савецкіх дзяцей шкодных слодычаў, а рабілі б толькі добрыя?

— Можна. Але дзеля гэтага трэба вывучыць адпаведныя навуковыя творы. На іх падставе зрабіць падрабязны рэфэрат і даслаць яго ў Наркамздраў, у аддзел гігіены дзіцяці.

— А ці ёсьць такі аддзел?

— Павінен быць. Калі няма, трэба яго стварыць.

Толькі цяпер Раман зразумеў, што Паўлуша сапраўды будзе народным камісарам. У Рамана не засталося ніякіх сумневаў у гэтым. Ён забраў цукеркі са століка, разьвітаўся з Паўлушам і пайшоў у залю. Лёг на сафу. Ён еў цукеркі, чытаў навэлу Мапасана і думаў пра заўтрашняе спатканьне зь Лізкай.

2

Раман увесь час паглядаў на гадзіньнік і ўсё больш нэрваваўся. Прайшло больш за паўгадзіны ад прызначанага Лізкай часу спатканьня, а яе не было. «Можа, ёй штосьці перашкодзіла?» Раман пастанавіў пачакаць яшчэ паўгадзіны. Ён паліў папяросу за папяросай і кожны раз, калі ў глыбіні алеі паказвалася жаночая постаць, адчуваў, як хутка б’ецца сэрца ў грудзях.

…А можа, яна забылася, а каторай гадзіне мае прыйсьці?.. Можа, захварэла?.. Можа, здарылася нейкае няшчасьце?..

Хвіліны міналі так павольна. Час цягнуўся жахліва марудна. Усё даўжэйшыя і чарнейшыя цені дрэваў запаўнялі парк, паўзьлі па золаце сьцежак і зелені траўнікаў. А калі паглядзець угару, здавалася, што заліты сонечным сьвятлом блакіт неба дрыжыць і паволі ападае на кароны дрэваў, ператканыя косымі сонечнымі стужкамі, што пераломваюцца на лісьцях і галінах. Усё замерла ў нерухомай ляноце сьпякотнага дня.

Раман заплюшчыў вочы і далічыў да ста. Расплюшчыў вочы: алея пустая. «Калі ўбачу там далёка, на перасячэньні галоўнай алеі, жанчыну — значыць, прыйдзе. А калі мужчыну…» Раман ня скончыў думкі. Доўга чакаў. З-за павароту паказаліся мужчына і хлопец. Яны ішлі ў кірунку Забавы. Раман з раздражненьнем назіраў іх рух. «Паўзе ідыёт, як чарапаха! І навошта яму парасон? Во быдла. І смаркача гэтага за руку цягне. Можа, хлопцу пабегаць хочацца?»

Прыхадні селі на лаўцы насупраць. Гэта зусім раззлавала Рамана.

…Сядзіць, сучыя сын, як сабака на паркане і сьвежым паветрам аб’ядаецца! А якая важная пыса! Пэўна, паводле «раскладу» прыйшоў са сваім гаўнюком. Ідылія, халера! Калі Лізка прыйдзе, будуць перашкаджаць.