Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 51

Сергей Песецкий

Аднаго разу Раман прачытаў гэты расклад. Палітрук запытаў яго:

— Ну, як вам падабаецца гэтая сыстэма?

— Цудоўная сыстэма! — сказаў Раман. — Толькі некаторыя пункты мне няясныя.

— Напрыклад?

— Якім чынам вы ўзмацняеце клясавую сьвядомасьць і рэвалюцыйную стойкасьць?

— Па-рознаму. Учора, напрыклад, успамінаў павешаньне пяці дзекабрыстаў за спробу зрынуць цара.

— Ды што тыя дзекабрысты! Звычайныя буржуі.

— Ну, не. Калі яны пачалі змагацца з царызмам, то праз гэта паслужылі народу. Пасьля разважаў пра павешаньне брата Леніна за замах на цара.

— Мяркую, гэта зразумела.

— Што?! Зразумела?.. Вы ўважаеце сьмяротнае пакараньне за зразумелую рэч? Не спадзяваўся пачуць ад вас штось такое.

— Але чаго ж яшчэ можна было спадзявацца? Вось, напрыклад, пасьля замаху Фані Каплан на Леніна зьнішчылі ня толькі віноўніцу, але і 700 чалавек зь ліку палітычных праціўнікаў нашага ладу.

— Ах, які ж вы дзіўны! Адная рэч цар, а Ленін — гэта зусім іншае. Ці вы разумееце розьніцу?

— Ну натуральна. Але я разглядаю рэчы з гледзішча лёгікі. Вось вы зьдзівіліся, што я ўважаю сьмяротнае пакараньне за натуральную рэч. Я якраз яго праціўнік. А што да расстрэлу 700 чалавек з нагоды замаху Фані Каплан на Леніна, то разглядаю гэта за праяву гневу пралетарыяту.

— Так! Правільна! — пасьпешліва пацьвердзіў Савеня.

— А гэты пункт: «прыемнасьці», асабліва гэтыя: «два разы на тыдзень дадатковыя прыемнасьці: тав. Ж.». А калі, напрыклад, гэтая — дапусьцім — таварыш Жэня ў аўторак не захоча ці ня зможа зрабіць вам гэтыя «прыемнасьці», што тады? Увесь расклад на глум пойдзе.

— Няўжо таварыш Жэня адна! Гэтая літара — абагульненьне.

— Тады іншая справа.

Раман часта бачыўся з Савенем, але ў размовы пра палітыку зь ім ня ўвязваўся. Пераважна слухаў тое, што яму апавядаў палітрук. Раман казаў, што ягоная спэцыяльнасьць — тэхніка, і што ён лепей паслухае разумныя рэчы, чым будзе пра іх гаварыць, ня маючы паняцьця. Савеня прызвычаіўся да свайго негаваркога слухача. Аднойчы ён нават прапанаваў навучыць Рамана палітграмаце. Сказаў, што выдзеліць у сваім раскладзе палову гадзіны, ад 15.30 да 16, на «палітычную адукацыю тав. Паўла Смоліна». Аднак Раман адмовіўся — сказаў, што мае дзяжурствы і зашмат працуе над вынаходкай і падрыхтоўкай да Школы мэханікаў.

Колькі дзён пазьней Раман убачыў, што Паўлуша старанна выпісвае на рулёне шпалераў такі сказ: «Я буду народным камісарам». Надпісаў было мноства. Раман спытаў:

— Табе тата сказаў гэта пісаць?

— Не. Я сам.

— А навошта ты гэта пішаш?

— Па-першае: выпрацоўваю прыгожы почырк. Па-другое: умацоўваюся ў жаданьні стаць карысным грамадзянінам РСФСР, ведаючы, што на пасадзе народнага камісара я найбольш змагу зрабіць на карысьць пралетарыяту.