Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 50
Сергей Песецкий
Раману ўсё ж было шкада хлопца, які на дванаццатым годзе жыцьця выглядаў, як стары. У ягоных вачах былі нуда і смутак. І Раману, калі ён бачыў Паўлушу, згорбленага пры стале, з ускалмачанымі валасамі, рабілася прыкра. Аднаго разу ён убачыў, як Паўлуша, трымаючы на каленях вялікі рулён паперы, разгортвае яго ўгару і выпісвае штосьці зь нейкага твору. Раман наблізіўся да стала, паглядзеў на паперу і застыў у зьдзіўленьні.
— Ну што? Ці я вам не казаў, што мой Паўлуша — гэта геніяльны розум. Хто б да гэтага дадумаўся? Знайшоў на гарышчы колькі рулёнаў шпалераў. Хтось іншы ўвагі б на іх не зьвярнуў ці абклеіў бы сьцены. А ён парэзаў рулён папалам і піша на адваротным баку. І цудоўна! Я таксама паспрабаваў: аловак ідзе гладзенька, проста прыемна. Бо нашая школьная папера нічога ня вартая. Салома нейкая зьверху ці д’ябал ведае што. Аловак чапляецца. Вось і прыдалася буржуйская спадчына. Трэба толькі ўмець зь яе карыстацца. А Паўлуша ўмее.
— Ведаеце што, — сказаў Раман. — Гэта выдатная ідэя. Можна было б увозіць шпалеры з-за мяжы, нібы для належнага ўжытку, натуральна, сьветлага колеру, а тут перарабляць іх на сшыткі.
— Можа, гэта й добра было б, але хто гэтым зоймецца. А з алоўкамі Паўлуша таксама вынаходку зрабіў.
— Якую?
— Алоўкі нашыя дрэнныя. Ня хочуць, паскуды, пісаць. Увесь час сьлініць трэба. Дык ён прыстасаваў для гэтага чарнільніцу, наліў у яе вады, і пакуль ён адным алоўкам піша, другі мокне. А пасьля ён алоўкі мяняе. Заўважце, якая здольнасьць да рацыяналізацыі працы.
Савеня паглядзеў на гадзіньнік.
— Паўлуша, здаецца мне, ужо восьмая. Што там у раскладзе?
Хлопец паглядзеў на сьцяну і сказаў:
— Разумовы адпачынак, прысьвечаны чытаньню пралетарскай паэзіі.
— Тады пачытай Маякоўскага.
Жыцьцё Паўлушы было строга ўнармаванае. Кожная чвэрць гадзіны мела сваё прызначэньне. Ніводнай хвіліны не марнавалася. Зрэшты, палітрук ня толькі вымагаў гэтага ад сына, але і сам меў на сьцяне расклад дня, якога стараўся датрымлівацца:
РАСКЛАД ДНЯ ПАЛІТРУКА САВЕНІ
Гадз. 7 — Уздым. Гімнастыка
7.15 — Воглядка адзеньня. Умываньне.
7.30 — Сьняданак.
8 — Карэспандэнцыя з таварышамі, а калі застанецца час, то й з грамадзянамі РСФСР.
8.30 — Шпацыр.
9 — Служба, альбо, у вольныя дні, навуковая праца.
12 — Абед.
12.30 — Адпачынак і развагі пра разьвіцьцё РСФСР.
13 — Чытаньне сур'ёзнай літаратуры (псыхалёгія, сацыялёгія, палітэканомія, пэдагогіка, гігіена і да т. п.).
15 — Разумовы адпачынак у пазыцыі лежачы, а таксама ўзмацненьне клясавай сьвядомасьці і рэвалюцыйнай стойкасьці.
15.30 — Асабістыя працы — навуковыя і літаратурныя.
16.30 —Кантраляваньне разьвіцьця майго сына, тав. Паўлушы, і надаваньне яму здаровага кірунку.
17.30 — Гарбата і прэса — «Пзвестия» і «Правда».
18 — Прыемнасьці. Два разы на тыдзень — аўторак, субота — дадатковыя прыемнасьці (тав. Ж.).
19 — Клюб альбо тэатар, магчыма, знаёмыя.
20 — Падрыхтоўчая праца для заўтрашняй службы.
20.30 — Вячэра.
21 —Лёгкае чытаньне альбо партыя ў шахматы з тав. Паўлушам.
22 — Практыкаваньне волі праз пастаноўку заданьня для выкананьня (катэгарычна) на наступны дзень.
22.30 — Прачытаць урывак з твораў тэарэтыкаў марксізму і абдумаць яго.
23 — Гігіенічныя мерапрыемствы і сон на правым баку. Думаць пра адбытую перамогу працоўных клясаў у Саветах і пра іх блізкую перамогу на ўсёй плянэце. — Глыбокае дыханьне.