Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 49

Сергей Песецкий

Вы спытаеце мяне, як скончылася размова з Наташай? Як мы арганізавалі працу? На гэта я не адкажу. Лепей нагадаю вам песеньку Тамары з «Казьбеку», якая сьпявала п’яным гэпэушнікам:

Пабудуем мы машыны, машыны, машыны. Ды паставім іх на шыны, на шыны, на шыны. І паедзем у новы сьвет Безь няволі і бязь бед!

Цікава мне, куды яны паедуць? Можа, у Фінляндыю? Але ці змогуць перайсьці мяжу?… І ўвогуле, шмат трэба машын збудаваць, каб 160 000 000 жыхароў Эсэсэсэру маглі паехаць у «новы сьвет». А будаваць няма каму. Вельмі праблематычна гэта будзе! А можа?.. Зрэшты, хай едуць. Зямлі таксама трэба адпачыць, бо шэсьць гадоў усё гэта бачыць і чуць нялёгка!

Заканчваю, бо мушу падумаць, на каго заўтра данесьці камісару Старкову на сабатаж працы і адмоўныя выказваньні пра савецкую ўладу. Самі разумееце: мне сьвеціць Школа мэханікаў, ну і «пралетарскую пільнасьць» таксама трэба праявіць.

IV

ВОЗЕРА, ПОЎНАЕ ЗОРАК

Адна жанчына для таго, хто яе кахае,

Увасабляе сабой усіх жанчын.

Агюст дэ Вілье.

1

У палітрука Савені быў сын Паўлуша, хлопец гадоў 11, які быў «піянэрам». Бацька кіраваў выхаваньнем сына і з маленства шпігаваў яго «палітграматай». Ён ганарыўся тым, што сын на памяць ведае падручнік Мікалая Бухарына «Азбука политической экономии». Толькі здароўе сынулі было нядобрае. Сутулы, твар зеленаваты, вочы панурыя, мёртвыя.

Аднаго дня, калі Раман завітаў да палітрука, той паведаміў ганарліва:

— А Паўлуша ў мяне «Эрфурцкую праграму» Каўцкага глытае! Што вы на гэта скажаце?

— Вельмі добра! Дзіўлюся яму! Я нават паняцьця ня маю, пра што Каўцкі там піша.

— І ня толькі чытае, але і разумее ўсё, як мае быць.

— Цудоўна! Толькі я мяркую, — шчыра сказаў Раман, — што лепей бы вы рыхтавалі яго на рабочага. Гэта нашмат здаравейшае. Напрыклад, сталяр альбо разьбяр на дрэве. А яшчэ лепей вывучыць яго на садоўніка. Паветра. Прастора. Прыемная праца.

Савеня абурыўся:

— Што за глупствы вы кажаце! Рабочых у нас дастаткова. Я рыхтую Паўлушу да чагосьці лепшага.

— Не разумею, чаму рабочы — гэта штосьці горшае. Я, напрыклад, тэхнік. Працую ў сваёй спэцыяльнасьці і зусім…

Савеня перарваў яго:

— Я зусім не хачу сказаць, што рабочы — гэта штосьці горшае. Але Паўлуша, зь ягонымі здольнасьцямі, можа дасягнуць выдатнага становішча.

— Што ж з таго, калі ў яго будзе кепскае здароўе? Хіба шчасьце чалавека залежыць ад пасады?

— Лухту вы кажаце! Як будзе здароўе слабае — пашлю яго ў Крым. Наглытаецца там сонца, паветра — і здаровы. Праўда, Паўлуша?

— Праўда, таварыш, — адказаў хлопец.

Гэтае «таварыш» паміж бацькам і сынам спачатку забаўляла, а пасьля раздражняла Рамана. Палітрук Савеня «вытварыў» уласную сыстэму выхаваньня сына, якую ён дэталёва разрабіў і праводзіў без аніякіх адхіленьняў ад «генэральнай лініі».