Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 48
Сергей Песецкий
Пазнаёмцеся з жыцьцём савецкага селяніна — найбольшага нявольніка на сьвеце. Пазнаёмцеся з жыцьцём савецкага рабочага — найбольш эксплюатаванага. Уступіце ў расейскую Камуністычную партыю, уся праца членаў якой палягае ў адпіхваньні і зьяданьні адно аднаго. Прайдзіце праз савецкія турмы і канцэнтрацыйныя лягеры — і калі вы не патонеце ў крыві, тады маеце права захапляцца «савецкімі здабыткамі».
Гэта я — шпіён, якому вы не даяце веры, — пішу вам, інтэлектуалам Эўропы, якія захапляюцца савецкім ладам, знаёмым вам альбо з павярхоўнага агляду, альбо з агітацыйнай прэсы. Пішу, каб засьцерагчы ад вялікага злачынства, якім ёсьць увядзеньне ў зман маленькіх людзей, якія вам вераць. Бо вы заўжды маеце магчымасьць адступіцца, адмовіцца, зьмяніць погляды. А ім адступіцца цяжка. Ім застанецца альбо доля раба, альбо брытва і цыдулка: «Зарэзала савецкая ўлада!», альбо пуздрэлак ёду на вячэру… Ня думайце, што дагаджаючы Леніну вы апынецеся на найвышэйшых пасадах. Ён зьнішчыць вас за найменшы цень крытыцызму, альбо з прыхаці, як зьнішчыў уласных лібэралаў, сацыялістаў і анархістаў! Я разумею, што вы баязьлівыя, што вы трымціце са страху перад прадказанай чырвонымі магаметамі сусьветнай рэвалюцыяй, што начамі вы сьніце кітайцаў, якія забіваюць буржуяў, што вы хочаце засьцерагчы сябе ад небясьпекі. Але сьцеражыцеся памылкі. Бо найбольш крыві пальецца тады, калі расейскі селянін і работнік дарвуцца да чырвонай буржуазіі. Гэтага вымагае гістарычная справядлівасьць. Таму ня варта ісьці ў шэрагі крыўдзіцеляў беднякоў. Калі ж вас сапраўды клапоцяць ня ўласныя дробныя амбіцыі і «гарантыі», але доля беднякоў і зьнішчэньне эксплянтацыі, то пагатоў не ідзіце ў шэрагі чырвонай буржуазіі, найагіднейшай з усіх, што калі-кольвек існавала ў сьвеце. З усіх пунктаў погляду ня варта ані станавіцца гадам, ані гада ўдаваць. Калі ня верыце — ідзіце туды і пераканайцеся. Калі ня верыце мне, то, можа, вас пераканае хіхіканьне 10 000 000 савецкіх дзядкоў, калі апынецеся вы ў засьценках ГПУ ці ў канцэнтрацыйных лягерах.
Цячэ і шапаціць Сьвіслач. Шэпчуць дрэвы ў савецкіх лясох. Ціхенька шэпчуць (каб не падслухаў які-небудзь сьмяшлівы дзядок) пра савецкую рэчаіснасьць. І бурчыць вэнтылятар у савецкай установе. А пад ягонае гудзеньне агент замежнай выведкі (кваліфікаваны савецкі работнік — «сексот» камісара Старкова) піша гэтыя радкі.