Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 46
Сергей Песецкий
— Натуральна, ня трэба.
— Хочаце гарбаты?
— Хачу.
Наташа прыгатавала гарбаты ў імбрыку. Уласна пра справу мы пакуль не размаўлялі. Урэшце дзяўчына сказала:
— Вы прапанавалі мне працу і далі аванс. Я хачу ведаць, якая гэта будзе праца і ці я для яе надаюся.
— Праца лёгкая, але вельмі небясьпечная. Вы можаце не пагадзіцца, тады я буду ўважаць тыя грошы за пазыку, якую вы мне вернеце калі-кольвек, хоць бы і праз колькі гадоў, калі вашае матэрыяльнае становішча палепшыцца. Вось жа, аванс вас ні да чога не абавязвае. Я падумаў, што калі вы адважыліся на самагубства, то можаце адважыцца і на гэтую працу. Вы маеце ўсё патрэбнае, каб добра яе выканаць: інтэлект, сьмеласьць і нянавісьць да бальшавікоў.
— І? — спытала яна зь вялікай цікаўнасьцю.
— Гаворка ідзе пра тое, каб вы час ад часу вазілі даручэньні маім знаёмым у Бабруйску, Смаленску, Магілёве, а адтуль прывозілі мне пэўныя дакумэнты. У мяне зашмат працы і цяжка самому даваць рады.
Наташа думала. Праз пэўны час яна сказала:
— Разумею. Гэта папросту праца шпіёна. А вы — агент замежнай выведкі.
— Так.
Дзяўчына ўстала і пачала хадзіць па пакоі. Закурыла папяросу. Зноў села і доўга глядзела на мяне, тады сказала:
— Думаеце, я вагаюся? Не. І зусім не баюся. Але гэта так дзіўна!.. Маё жыцьцё, сапраўды, складаецца як фільм… Страшны… Уявіце сабе. Зрэшты, я вам апавяду. Маеце час?
— Так. Толькі няма папярос.
— У мяне яшчэ ёсьць пачак. Хопіць на дваіх… Вы заўважылі, што расейцы любяць гаварыць пра свае турботы і боль? Дастаеўшчына такая. Але няважна. Дык вось…
І пачаўся дзіўны аповед. Гэта сапраўды быў напісаны жыцьцём кінасцэнар, які я слухаў зь вялікай цікаўнасьцю. За акном стаялі цёмныя дрэвы. Недзе далей шумела рака. За сьцяной ляжала звар’яцелая сьпявачка. А тут дзіўная дзяўчына, бледная, змарнелая, гледзячы расшыранымі зрэнкамі ў мінулае, апавядала шпіёну варожай дзяржавы незвычайную гісторыю свайго жыцьця:
…Бацька быў вядомы лібэрал. Хоць сам ён быў вельмі заможны, ён усё жыцьцё ідэйна змагаўся за дабро люду. Трапіў у няміласьць. Шмат якія сябры кінулі яго, але ён не спыняў змаганьня з царызмам. Ён растраціў усю сваю маёмасьць, але не зважаў на гэта. Ён быў цалкам адданы служэньню грамадзтву. Пасьля рэвалюцыі, пры ўрадзе Керанскага, яму далі высокую пасаду, на якой ён ахвярна і рупліва працаваў. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі яго звольнілі з пасады і неўзабаве пасьля гэтага арыштавалі. Ён сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасьці. Усё ягонае майно канфіскавалі. Пасьля арышту мужа жонка памерла ад роспачы. Дачка ўвесь час, у меру магчымасьці, апекавалася бацькам, але і яе арыштавалі, імкнучыся тым самым канчаткова зламаць яе бацьку — каб той прызнаўся ў злачынствах супраць савецкага ладу. Аднак прызнавацца не было ў чым. Урэшце бацька цяжка захварэў. Яго перавезьлі ў бальніцу. Там яго як ворага народу забілі матросы. Магчыма, тыя самыя матросы, якія пазьней узбунтаваліся супраць савецкай улады. Бунт гэты крывава здушылі… Пасьля пачаліся неверагодныя пакуты й злыбяды дзяўчыны, якая нікому нічога благога не зрабіла… Вязьніцы. Голад. Блуканьні. Зноў вязьніцы. Пасьля яна знайшла сабе звар’яцелую спадарожніцу ў нядолі, і яны пайшлі па жыцьці разам, зьвязаныя супольнай бядой і ўзаемнай прыхільнасьцю. Яны прагнулі ўцячы з Саветаў. Не ўдалося. Засталася адзіная магчымая дарога — уцёкі ад жыцьця. А я дзіўным тым выпадкам уцёкам перашкодзіў. І ня ведаю, ці добра я зрабіў.