Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 45

Сергей Песецкий

— Аднак гэта праўда. Я не памылілася. Але супакойцеся, калі ласка. Нікому ні слоўца. Толькі дайце мне яшчэ папяросу, калі ласка.

Я даў ёй яшчэ тры папяросы. Тады яна зірнула ў пачак і ўбачыла, што засталіся толькі дзьве. Па пэўным ваганьні паклала адну папяросу ў пачак, уздыхнула й сказала:

— У вас ужо мала.

— Я куплю яшчэ.

— О, гэта цудоўна! І купіце шмат.

— Добра.

— А можа, вы мне дасьце трохі грошай? Я таксама куплю. Бо Наташа такая сквапная.

Вымаючы грошы, я спытаў:

— Дзе яна?

— Павінна ўжо вернуцца. Яна выкладае ангельскую. У яе толькі адзін урок, а ісьці трэба вельмі далёка.

Неўзабаве ў сенцах пачуліся хуткія крокі. Дзьверы адчыніліся, і ў пакой увайшла Наташа. Запытальна паглядзела на мяне і на Любу. Павіталася са мной і сказала сяброўцы:

— Чаму ты не ляжыш?

— Бо мне сумна.

— Ідзі, пакладзіся. Калі ачуняеш, тады будзеш хадзіць. А можа, хочаш есьці?

— Не.

— У цябе гарачка.

Наташа дастала з кішэні жакету пачак танных папярос «Пушка» і дала адну сяброўцы. Люба, хітра ўсьміхаючыся мне, закурыла папяросу. Пасьля падала мне халодную, вільготную руку:

— Дабранач.

Яны выйшлі ў наступны пакой, і мне было чуваць, як яны шапталіся там. Пасьля Наташа вярнулася.

— Вы даўно тут?

— Досыць даўно.

— Пэўна, Люба вам рознай лухты набалбатала?

— Не. Увогуле, яна вельмі мілая. Толькі трохі экстравагантная.

— Яна ненармальная. Зь ёй зусім кепска. Чулі прозьвішча Ляданская? Любоў Ляданская?

— Не.

— Яна была слынная сьпявачка. Апошнім разам сьпявала ў Баліева ў «Летучей мыши». Цудоўна сьпявала. Яе арыштавалі ў 1921 годзе за сувязі з эміграцыяй. А сувязі гэтыя палягалі ў тым, што ёй прыслалі ліст з Парыжу. Хтосьці са знаёмых раіў ёй зьехаць у Францыю і апісваў маршрут празь Фінляндыю. Яна гэтага ліста нават у руках не трымала, бо ён адразу трапіў у ЧК. Аднак гэтага было досыць, каб яе арыштавалі, дапытвалі, ладзілі вочныя стаўкі. Яна сядзела 17 месяцаў у розных вязьніцах. Вазілі яе то ў Маскву, то ў Петраград. Мы пазнаёміліся ў вязьніцы на Шпалернай і вельмі палюбілі адна адну. Ужо тады ў яе пачалі выяўляцца сындромы псыхічнай хваробы. Але я думала, што на свабодзе гэта пройдзе. Мяне вызвалілі, пасьля і яна выйшла на свабоду. У Любы былі схаваныя ювэлірныя ўпрыгажэньні. Мы знайшлі іх і пастанавілі выехаць у замежжа. Шмат перацярпелі, урэшце дабраліся сюды. Тым часам у нас скралі грошы. Не засталося нічога. Мы прадалі ўсё, што толькі можна было. Пачаўся голад. А далей… Што ж я буду апавядаць? Вы самі разумееце.

— Вы даяце ўрокі ангельскай?

— Ужо няма ўрокаў. Гэты быў апошні. Сёньня вылаяла свайго вучня і больш туды не пайду.

— Як гэта здарылася?

— Гэта сын аднаго савецкага начальніка. Ён даўно да мяне прыставаў, але я цярпела. Сёньня ён быў асабліва навязьлівы. Я насварылася на яго і сказала бацьку, што адмаўляюся ад урокаў. «Чаму?» — пытаецца той. — «Бо ваш сын хоча дадатковых прыемнасьцяў». — «Думаю, што вам гэта шкоды ня зробіць. Насупраць», — адказаў ён з усьмешачкай. Тады я сказала: «Дык замяніце мяне самі. Я ад гэтага гонару адмаўляюся». І так усё скончылася. Зрэшты, што мне да гэтага. Плацілі мала і нерэгулярна. Бацька вучня сказаў, каб я прыйшла па грошы пасьля першага. Але я не пайду.