Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 42

Сергей Песецкий

Памятаю аднаго дзядка, які летась жыў побач з Двалінскімі. Я часта заходзіў да яго пайграць на скрыпцы і ўважаў яго за прыстойнага чалавека. Аднаго разу ён пачаў скардзіцца на суседа па кватэры, які чымсьці яму не дагадзіў, і нават так выйшла, што падчас сваркі яго ўдарыў.

— Трэба было даць яму па пысе! — даў я зычлівую параду.

Дзядок склаў рукі.

— Даражэнькі, навошта біцца? Шум. Гвалт. Я яго акуратна зьліквідаваў. Без мардабою. Напісаў у ГПУ, што ён ганіць савецкую ўладу і сьцьвярджае, што яшчэ надыдзе час, калі чырвоная сволач будзе выразана. Пазначыў прозьвішчы двух сьведкаў, і гатова. Няма яго. А ў кватэры месца паболела. Без мардабою. Навошта парушаць грамадзкі спакой? Я чалавек далікатны.

І ён пачаў сьмяяцца. Ціха, амаль бязгучна хіхікаў, па-змоўніцку падміргваючы мне. Ня ведаю, чаму, і я пачаў сьмяяцца. А рука падсьвядома сьціснула ў кішэні дзяржальна браўнінга. І так хацелася выцягнуць пісталет з кішэні і бліснуць руляй яму ў вочы. Перарваць гэты агідны сьмех. Аднак я не зрабіў гэтага, бо іначай у Двалінскіх былі б непрыемнасьці. Апроч таго, у галаве шуганула думка: хіба ж здолее адна куля перарваць хіхіканьне 10 000 000 савецкіх дзядкоў. Можа, самі адно аднаго падушаць.

Хочаце, для разнастайнасьці, паслухаць гісторыю пра савецкіх бабулек? Калі ласка. Вельмі мілая гісторыя. Аднаго разу, у нядзелю, Юзаф паклікаў мяне да акна.

— Глядзі, як Кабаёва паскудзіць Матлеўскім.

Я зірнуў у акно. Убачыў бабульку, якая, стоячы на ганку кватэры насупраць, штосьці рабіла з клямкай на дзьвярах.

— Не разумею, што яна робіць.

Спадар Юзаф патлумачыў:

— Смаркаецца ў далонь і пэцкае клямку.

— Навошта?

— Яна пасварылася ўчора з старой Матлеўскай. У яе насмарк, і таму мажа смаркачамі клямку на іхных дзьвярах. Хоча, каб і ў той быў насмарк.

Цяпер 11-я гадзіна ночы. Хвіліну таму зазьвінеў тэлефон.

— Акумулятарная. Слухаю.

— Апарат Морзэ стаіць. Даць ток!

— Зараз.

Я пайшоў шукаць пашкоджаньне. На разьмеркавальным шчыце кантакты адной з групаў Морзэ замкнула. Пашкоджаньне мусіць быць у шафах. Але там усё ў парадку. Урэшце я працёр наждаком (рэч забароненая) усе кантакты, бо яны маглі пакрыцца пацінай. Група зноў запрацавала.

У паветры чуваць газы, якія выпароўваюцца з акумулятараў. Я ўключыў вэнтылятар і адчыніў вокны. Сеў на падаконьне. Па двары цяжка тупае чырвонаармеец. Начная варта. Другі стаіць у браме. Рэшта на ўнутраных пастах.

Чырвонаармеец спыніўся. Хістаецца на нагах. Маячыць, задуменны, у прастакутніку сьвятла, што падае з акна дзяжуркі. Мне выразна відаць яго адсюль. Карціць запытаць:

— Слухай, ты, абаронца пралетарыяту! Ці ты чуеш, як калоціцца на тваім штыку сэрца Расіі, сэрца тваёй маці, сястры, брата? А ці ведаеш ты аб тым, што ты — варты жалю нявольнік сьвету, якога пазбавілі абсалютна ўсяго, нават свабоды мысьленьня? Скажы, нябожа, што ў цябе ёсьць, што табе далі?.. Адно надзею на лепшае заўтра. А можа, і яе ты ўжо страціў?.. А ці ведаеш ты, раб, што кожны твой рух сочаць вочы шпіёна?