Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 41

Сергей Песецкий

Чтоб извлечь душевную занозу…

Я ўрачыста сказаў:

— Дарагі сябра! Хачу паведаміць вам, што вашая цудоўная формула нічога ня вартая. Ёсьць у ёй вялізная памылка, якой вы ня згледзелі. І я ведаю, чаму.

Харэўскі спыніўся. Здавалася, што ён раптам цалкам працьверазеў. Зрабіў дзіўны рух рукой, нібы змахваючы павучыньне перад вачыма, і сказаў трохі ахрыплым голасам:

— Памылка, дружа, немагчымая… Гэтую формулу я прачытаў у вачах чалавека, які канаў… Найлепшай істоты, якую я ведаў… Якая нічога мне апроч гэтай формулы не пакінула… Памылка немагчымая…

— Ты, сябра, забыўся пра адну рэч, якую мы называем вельмі скупа: любоў. А гэтую цудоўную формулу ты прыдумаў, каб чымсьці сябе суцешыць.

Я пераможна глядзеў у твар Харэўскаму. І раптам заўважыў, што па ягоных шчаках пакаціліся сьлёзы. Мне стала невымоўна прыкра. Я падумаў, што зрабіў яму балюча, і таму ён плача. У гэты момант Харэўскі выбухнуў ціхім, стрыманым сілай волі сьмехам і выцер сьлёзы далоняй.

— Дзіўна… дзіўна… — ціха прамовіў ён, паволі супакойваючыся. — Ці ты не разумееш, што каханьне — гэта не жыцьцё… Гэта па-над жыцьцём… А калі б нават так і было, то формула мая засталася б… Я сказаў: жыцьцё абсалютна нічога ня вартае, бо пачынаецца і заканчваецца… А ці ў каханьня няма пачатку? І ці ў яго няма канца? Хіба што калі часу не хапіла, каб скончыцца… Альбо калі не сутыкалася з выпрабаваньнямі… Так што гэта не аргумэнт.

Ён змоўк і ўтаропіўся кудысьці ў сьцяну. Твар ягоны застыў у халоднай засяроджанасьці і быў падобны да маскі. Раз-пораз ён рабіў галавой рухі зьнізу ўгару і глытаў сьліну.

Мяне агарнуў цяжкі настрой. У гэтым (какаіне) няма нічога добрага. Брыда. Я ўспомніў, што ў мяне ёсьць пляшка сьпірту, і сьпехам яе адкаркаваў. Наліў больш за палову шклянкі сьпірту і разбавіў яго вадой з-пад крану. Не паглядаючы на Харэўскага, я хутка піў. Уцякаў ад рэчаіснасьці. Што ж яшчэ можа зрабіць чалавек, які канае ад роспачы, калі няма выйсьця з таго, што мы называем жыцьцём. Калі адзінае легальнае выйсьце — гэта вар’яцтва.

Ці варта пісаць далей пра нашу размову? Хай за мяне гавораць экстатычныя вочы накакаіненага шпіёна. Хай гаворыць ягоная формула. Калі ласка: знайдзіце ў ёй памылку, бо са мной штосьці такое здарылася, што не магу гэтага зрабіць.

Менск, 16 траўня 1923 г.

Акумулятары даліваюцца сернай кіслатой і дыстыляванай вадой да шчыльнасьці 22 градусы паводле арэомэтра. Сернай кіслаты ў мяне шмат. Вялізная шкляная бутля. Але яе ня хопіць, каб заліць тых паразытаў, якія выгінаюцца, поўзаюць і сыцеюць на няшчасным целе Расіі. Іх шмат. Адна камуністычная партыя мае 400 000 чальцоў. Было 700 000 тысяч, але ўвесну «чыстка» 300 000 зьліквідавала. Гэта называецца «пралетарская пільнасьць». Дадайце да гэтага сотні тысяч — а можа, шмат мільёнаў — даносчыкаў, правакатараў і розных нягоднікаў, што гатовыя прадаць усіх, каб падлабуніцца да ўладаў.