Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 40

Сергей Песецкий

Я паверыў, што такая формула ёсьць і што ён, Харэўскі, яе знае. Я нецярпліва чакаў, гледзячы са зьдзіўленьнем у яго натхнёны, амаль шалёны твар. Аднак ён нічога мне не сказаў. Пачаў ганяць словамі нейкія дзіўныя хваравітыя трызьненьні. Тады я зьвярнуўся да яго:

— Скажы, Зыгмусь!

— Што?

— Ну, формулу.

Харэўскі пацёр лоб далоняй. Сеў. Зноў дастаў парашок какаіну. Зірнуў на мяне:

— Возьмеш?

Мне вельмі хацелася пакаштаваць гэтага дзіўнага наркотыку, але я адмовіўся. Ня ведаю, чаму я так зрабіў. Можа пасаромеўся, можа спалохаўся, бо ведаў, што гэта небясьпечная прывычка. Апроч таго я заўважыў, што гэты парашок не весяліць, як гарэлка, а ўводзіць у сапраўдны экстаз. Пазьней я пераканаўся, што какаін дзейнічае не аднолькава на ўсіх, ёсьць мноства неспадзяваных варыянтаў, якія цяжка прадбачыць.

Харэўскі ўжыў новую дозу какаіну. Яго рукі дрыжалі. Ён паглядзеў на мяне:

— Ты думаеш, калі ў мяне рукі дрыжаць, дык гэта нешта значыць? Ведаеш, як я страляю? Ніколі ня хіблю… А чаму? У мяне свой спосаб… Я вучыўся страляць ня цэлячыся… Так, як кітайцы нож кідаюць… Нож трапляе туды, куды глядзіць вока. Тое самае павінна быць з куляй… Нічога, што рукі дрыжаць… Я табе пакажу…

— Добра. Але скажы гэтую формулу. Ты ж абяцаў.

— Абяцаў? Шкада… Але скажу… Калі абяцаў, то канечне… Дык слухай… Формула вельмі простая, толькі трэба верыць цалкам… Вось жа… — Харэўскі ўстаў і, абапёршыся рукамі аб стол, схіліўся да мяне. Пасьля пачаў гаварыць павольна, ціха, змрочна: — Жыцьцё… аб-са-лютна… нічога ня вартае… бо… пачынаецца… і… заканчваецца… Скажы людзям! Скажы… Скажы так… Вы, што толькі выпадкова нараджаецеся са сьлізкага насеньня!.. Вы, пажыральнікі трупаў, нявольнікі сваіх залозаў!.. Вы, пакаленьне сухотнікаў, сыфілітыкаў, маньякаў, садыстаў, крэтынаў!.. Вы думаеце, што вы такія каштоўныя!.. Вы, вы, трупы, што канаеце ўсё сваё жыцьцё, залежныя ад усяго наўкола!.. Чым жа вы ганарыцеся? Тым, што пашыраеце боль, крыўду і подласьць, вы, пыхлівыя як індыкі?.. У вас ёсьць мозг?.. І мураш яго мае… У вас ёсьць розум, а чым вы яго запаўняеце?.. За што ж вас шанаваць?.. Ці можна цешыцца з жыцьця, зразумеўшы гэта?

У тым, што ён казаў, была такая моц — якая выражалася ня ў словах, але ў інтанацыях голасу, міміцы і ў поглядзе, які пранікаў у мозг, — што мяне агарнула роспач і я адчуў, што няма «выйсьця» з жыцьця, што ўсё агіднае, бязмэтнае, подлае.

Я вымавіў шэптам: «Жыцьцё абсалютна нічога ня вартае, бо пачынаецца і заканчваецца!» Але я ня мог з гэтым пагадзіцца. Я ліхаманкава шукаў выйсьця. Хапаўся за кожную думку. Раптам увушшу загучала песенька Тамары з «Казьбеку»:

Ёсьць у нас легенды, казкі, Аджан! Ёсьць і звычай наш каўкаскі, Аджан! Кахетынскай вып’ем па-кунацку, Каб жылося нам па-брацку.

Не, ня тое. Гэтая вясёлая песенька раздушанай жыцьцём сухотніцы вусьцішная. Шукаю выйсьця. Павінна ж яно быць! А можа, гэта: першамайскі парад, чырвоныя штандары, гукі «Інтэрнацыяналу»? Але думка зараз жа імкнецца далей. Губэрнатарскі сад. Труп з жахлівай рэзанай ранай ад брытвы на шыі і пры ім цыдулка: «Зарэзала савецкая ўлада!» О, не! Гэта страшная памылка!.. Бачу гаротны твар дзяўчыны і пуздрэлак з надпісам «Ёд». Не. Няма выйсьця. І далей шалёная мітусьня думак: камісар Старкоў, палітрук Савеня, Кусьцін, урэшце, Лізка. І ўсе думкі прытуліліся да гэтай каханай постаці, твару, вачэй… Гэта шчасьце… Адзінае… Раптам я пераможна расьсьмяяўся. Павярнуўся да Харэўскага, які хадзіў па пакоі, дэклямуючы з упартасьцю маньяка: