Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 39
Сергей Песецкий
— Думаю, не.
— Значыць, паэт хлусіў?
— Хлусіў.
Харэўскі зноў углядаўся ў лямпу. Раптам хітнуў галавой і прыгожа ўсьміхнуўся. Дзіўна паглядзеў мне ў вочы і сказаў ціха, але надзвычай пераканаўча:
— А ўсё-ткі можна.
Я доўга моўчкі глядзеў яму ў вочы, пасьля спытаў:
— Як?
Але заміж таго, каб адказаць, Зыгмунт спытаў сам:
— «Сьнег» любіш?
— Сьнег?!. Ну так… Мне падабаецца зіма. Але найбольш люблю восень.
Тады Зыгмунт сказаў:
— Не. Я пра какаін кажу.
Раптам мне ўзгадаўся кутны пакой у кватэры Двалінскіх. Прад вачыма паўстаў бледны твар чэкіста. Тым часам Харэўскі выцягваў з задняй кішэні нагавіцаў кашалёк. З аднаго аддзелу дастаў некалькі парашкоў у паперках. Разгарнуў адзін і спытаў:
— Хочаш?
Я адмоўна хітнуў галавой.
— Я магу бяз гэтага абысьціся, — сказаў Харэўскі, — але навошта? Усё адно!
Ён насыпаў трошкі какаіну з паперкі ў ямку на згіне левай далоні, зрабіў дарожку і моцна ўцягнуў парашок у ноздры.
Пэўны час ён сядзеў нерухома, лёгка ўсьміхаючыся. Пасьля запаліў папяросу. Хутка, прагнымі зацяжкамі ўцягваў у лёгкія тытунёвы дым. Я нагадаў яму, што ён меўся перадаць мне штосьці ад Антона.
— Ах, так, так, так… Добра… Зараз…
Харэўскі пачаў апавядаць усё, што яму даручыў Антон. Перадаў мне грошай і пляшку сьпірту (Антон пра гэта не забудзе). Пазьней я піў гарбату, а Харэўскі зноў ужыў какаін. Зрэнкі яго зрабіліся вялізныя — амаль закрылі райкі, і вочы здаваліся ня шэрымі, а чорнымі. Твар быў бледны. Вусны ўвесь час нэрвова крывіліся. Ён курыў папяросу за папяросай. Колькі разоў пачынаў гаварыць, але раптам спыняўся. Пераскокваў з тэмы на тэму ці неспадзявана замаўкаў. Тады пачаў ціха гаварыць, нібы ў трызьненьні:
— Увосень пачуеш пра мяне… Я зраблю такую рэч… Усё абдумаў… Без памылкі… Гэта будуць два гады ад сьмерці Каці… Увосень… Ведаеш, як гэта лёгка… Можна іх зьнішчыць тысячы… Як клапоў… Яны і ёсьць як клапы… Чырвоныя, крыві абапіўшыся… Крыві і крыўды… Думаеш, я іх ненавіджу… Зусім не… Гіджуся іх і пагарджаю… А зрэшты, глупства ўсё гэта… Цудоўна адно тое, што думкаю магу быць паўсюль, дзе захачу…
Харэўскі ўстаў і пачаў хадзіць па пакоі. Ён усё ўсьміхаўся, але гэта было падобна да грымасаў болю. Рухі яго былі хуткія, нэрвовыя. Раптам стаў. Зірнуў мне ў вочы зрэнкамі, у якіх гарэла такое дзіўнае полымя, што мне зрабілася халодна і няёмка. І зноў пачаў гаварыць:
— Я пераможца… Разумееш… Я па-над імі, над вамі, над усім… Я знайшоў формулу, якая можа зрабіць чалавека абсалютна свабодным… Абсалютна… І ніхто яе ня ведае, толькі я… А калі я табе яе скажу, то ты таксама станеш цалкам вольны ад усяго, нават ад самога сябе… Жыцьцё — хітрая штука… А я ў адну сэкунду зразумеў яго… Зразумеў і стаў вольны… Можа, і ён гэта ведаў… Ён, Хрыстос… Таму быў такі цудоўны, прыўкрасны… Але не сказаў людзям, бо быў поўны любові да іх… А я зразумеў, калі перапоўніўся нянавісьцю… Пасьля і яе адкінуў… Тады ж яна заліла ўсё… Увесь сьвет… Хоць я быў так малы для яе… Ня верыш… Зараз я табе давяду… А дае мне гэта магутнасьць думкі… Вось жа, у прасторы ёсьць бясконцасьць… Бясконцасьць, а я пайшоў далей… Але не пра гэта йдзецца… Я казаў пра формулу… Адзіную, неадпрэчную, якая дае абсалютную свабоду…