Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 38

Сергей Песецкий

Мы пералезьлі цераз нізкі мур могілак і, наўскасяк перасякаючы сады, рушылі ў кірунку Камароўкі. На Сьляпянскай нікога не было. Дзесьці блізка брахаў сабака. Здалёк пачуўся стрэл зь вінтоўкі.

Мы ўвайшлі ў адчыненыя сенцы маленькага дамка. Харэўскі адчыніў дзьверы ў кватэру. Пасьля зачыніў дзьверы сенцаў на засаўку і запрасіў мяне ўсярэдзіну. Я пачуў адтуль голас:

— Зыгмусь, гэты ты?

— Я.

Харэўскі запаліў лямпу. Я ўбачыў малы, чысты пакой. На століку ў куце стаяў грамафон з бліскучай, вялікай нікелевай трубой. На сьценах вісела колькі карцін. Дзьверы ў другі пакой былі адчыненыя, там хтосьці апранаўся. Харэўскі зьняў плашч і пачаў мыць рукі. Ён быў у вайсковай форме з адзнакамі «камрота».

У пакой увайшла жанчына, трохі старэйшая за Харэўскага, але вельмі да яго падобная. Я падумаў, што гэта ягоная сястра, і не памыліўся. Ён прадставіў яе мне:

— Гэля. Мая сястра. Яе муж загінуў летась падчас чыгуначнай катастрофы паблізу Варажбы.

Харэўскі быў сярэдняга росту, худы, бледны. Твар і вусны мелі лагодныя абрысы, і толькі ў вачах — шэрых — адчувалася вялікая сіла волі. Іх позірк быў як бы трохі шалёны. Яго вусны ўвесь час кранала лёгкая ўсьмешка, і вочы тады прымружваліся. Рукі яго трохі дрыжэлі. Пэўна, гэта было нэрвовае. Ён меў мяккі голас, з багатымі мадуляцыямі. Я падумаў, што ён павінен прыгожа сьпяваць. Але ён ніколі не сьпяваў. На тых людзей, якія яго ня ведалі, ён рабіў уражаньне выпешчанага паніча. Мне ж ён заўсёды здаваўся ўбранай па-мужчынску дзяўчынай. Папраўдзе, я спачатку ня мог ставіцца да яго паважна. А праца шпіёна, якая вымагае так шмат адвагі, трываласьці і валоданьня сабой, у спалучэньні зь ягонай асобай здавалася абсурдам. Аднак пазьней, добра зь ім пазнаёміўшыся, я зразумеў, што ён быў найбольш мужным з усіх нас. Ягоная моц была ў фанатычнай нянавісьці да бальшавікоў, якая нястомна палала ў яго душы, і абыякавасьці да ўсяго, што мы называем жыцьцём. Тое, што ў нас вынікала з тэмпэрамэнту, авантурызму ці жаданьня пахваліцца сьмеласьцю, у яго было нармальным стаўленьнем да справы. Калі б я быў асуджаны на сьмерць, мне б вельмі не хацелася паміраць, і хоць я б удаваў спакой, а можа, нават кпіў бы з жыцьця, сэрца канала б ад болю. А ён — пазьней я пазнаёміўся зь ім вельмі блізка — быў бы цалкам спакойны. Пайшоў бы з жыцьця са звыклай сваёй усьмешкай, і ўсё. Я думаю, няма на сьвеце сілы, якая магла б сагнуць яго. Менавіта сагнуць, а не зламаць, бо зламаць можна ўсё.

— Пастаў, Гэля, самавар і ідзі спаць. Мне трэба з таварышам абмеркаваць пільную справу.

Гэля паставіла на стол шклянкі і цукарніцу, пасьля выйшла ў наступны пакой і зачыніла за сабой дзьверы. Харэўскі, мружачы вочы, бяздумна глядзеў на полымя лямпы. Раптам ён сказаў:

— Я калісьці чытаў верш. Ня ведаю, чый. Ёсьць там такое месца:

Чтоб извлечь душевную занозу, Чтоб развеять бездну пустоты — Расцветили будничную прозу Мгилые волшебницы мечты.

— Табе падабаецца?

— Так.

— А ці можна марамі разьвеяць бездань пустаты?