Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 36
Сергей Песецкий
Марыя Іванаўна паглядзела на мяне з павагай. У яе позірку я прачытаў: хто б мог падумаць! А Брагін глядзеў на жонку, нібы хацеў сказаць: ну бачыш, хіба я табе не казаў? Агульны настрой радыкальна зьмяніўся. Натуральна, Азімаў надалей захоўваў «каменны» спакой і абыякавасьць. Кобзаў зьвярнуўся да мяне:
— А што чуваць у Бабруйску?
— У горадзе нічога новага. Нуда, як звычайна. Нядаўна размаўляў з Розэнам. Ён мяркуе, што вясной наступнага году пачнецца вайна. Тое самае я чуў ад шмат якіх іншых уплывовых і кампэтэнтных асобаў.
Я зразумеў, што залгаўся, але не адступаў. Зрэшты, у любым выпадку як-небудзь выкруціўся б. Мне проста хацелася пайграць на нэрвах Азімава і пацешыцца зь людзкой наіўнасьці.
У пэўны момант Кобзаў, разумнейшы за іншых, запытаў:
— Цікава, а якая можа быць прычына вайны?
Я адказаў:
— Вы няправільна сфармулявалі пытаньне. Вы хіба мелі на ўвазе: якая падстава?
— Не. Менавіта прычына.
— А прычына тая, што мы, — я ўдарыў сябе ў грудзі, — імкнёмся да сусьветнай рэвалюцыі. Таму мы мусім зламаць супраціў буржуазіі і вызваліць сялян і рабочых ад яе панаваньня. Зрэшты, гэта прынцыповая палітыка Саветаў, і мы заўсёды будзем да гэтага імкнуцца. Таму, як бачыце, прычына гэтая была, ёсьць і будзе, пакуль ёсьць у сьвеце краіны, якія не належаць да Савецкага Саюзу. Падстава — гэта іншая рэч. Але падставу для вайны знайсьці няцяжка. Які-небудзь памежны канфлікт, дыпляматычнае непаразуменьне, замах. Можа быць нават фікцыйная падстава.
Ах, якія глупствы я казаў, але для гэтых загразлых у балоце дробных штодзённых праблем мяшчанаў, якія бачылі толькі на адлегласьць рукі, і тое павярхоўна, нават гэта выглядала досыць разумна. Лізка, напрыклад, глядзела на мяне з сапраўдным захапленьнем. Кобзаў ледзь рот не разявіў: ну, братка, паразумнеў ты! І адкуль гэта ў табе ўзялося?
А я, ведаючы, што гэтыя людзі пра вайсковыя справы маюць нуль паняцьця і грам уяўленьня, пачаў апавядаць ім пра загніваньне капіталістычных арміяў (перадусім польскай), недавер рабочых да ўладаў, жахлівае становішча сялян, пра голад, дэзарганізацыю чыгуначнага транспарту. Словам, пра ўсё тое, што я бачыў у Саветах. Апроч гэтага, я выдумляў і імправізаваў напоўніцу. Сыпаў спэцыяльнымі тэрмінамі і мог бы й сам засыпацца, калі б меў справу з праніклівымі людзьмі. Бо якога д’ябла нейкі дробны тэхнік так добра арыентуецца ў гэтых рэчах. Аднак слухачы глыталі гэта ўсё як трускаўкі, і нічога ім у галаву не прыходзіла.
У пэўны момант Марыя Іванаўна зьвярнулася да мяне:
— Неяк дзіўна, што ў вас сьветлыя валасы. Калі не памыляюся, у вас былі цёмныя валасы.
На адну сэкунду гэтае пытаньне мяне зьбянтэжыла. Але я адразу расьсьмяяўся і сказаў нязмушана:
— Так, праўду кажаце. Валасы былі цёмныя, але я зьмяніў іх колер перакісам вадароду. А цяпер адгадайце, чаму я гэта зрабіў?
Усе задумаліся, а я тым часам разважаў, як ім схлусіць, каб гэта гучала праўдападобна. Марыя Іванаўна сказала:
— Не магу здагадацца.
— Дык я вам апавяду прычыну гэтай мэтамарфозы. Адна дзяўчына ў Бабруйску, у якую я быў тропікі закаханы, сказала, што ёй падабаюцца сьветлыя валасы і што мне сьветлыя валасы былі б да твару. Вось жа, я — чаго толькі ня зробіць чалавек пад уплывам пачуцьця — наступным жа днём стаў бляндынам. Яна была вельмі задаволеная, а я пераканаўся, што сьветлыя валасы насамрэч лепей мне пасуюць. Зрэшты, каб зноў стаць шатэнам, трэба чакаць, пакуль валасы адрастуць, а гэта няхутка будзе.