Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 35

Сергей Песецкий

— Не. Не спрабаваў. Нейкая яна дзіўная.

Кусьцін навастрыў вушы:

— А што такога?

Раман узяў са стала францускі ключ і пачаў падкідваць яго ў паветра.

— Як ні прыйду на зьмену, яна ўсё з францускім ключом у руцэ ходзіць. Можа, з глуздоў ад’яжджае.

Неўзабаве Кусьцін разьвітаўся з Раманам.

— Заходзьце сюды часьцей, — запрасіў яго Раман. — Вельмі люблю з разумнымі людзьмі пагутарыць.

— Страшна прыемна! Зайду пры найпершай магчымасьці.

* * *

Тым часам, калі дзяўчына, якую сачыў Раман, гатавала сабе на вячэру ёд, у «Казьбеку» колькі гэпэушнікаў па вочы заліліся «хлебным квасам». Тамара на іх замову сьпявала:

Пабудуем мы машыны, машыны, машыны. Ды паставім іх на шыны, на шыны, на шыны. І паедзем у новы сьвет Безь няволі і бязь бед!

* * *

У Губэрнатарскім садзе на лаўцы знайшлі труп бедна ўбранага мужчыны, які брытвай перарэзаў сабе горла. Побач ляжала паперка: «Зарэзала савецкая ўлада». Гэта было ўжо другое самагубства такога тыпу ў тым самым месцы.

Самагубца быў рээмігрантам з Амэрыкі, уладальнікам дзьвюх вялікіх кравецкіх майстэрняў у Нью-Ёрку, які на пачатку 1922 году вярнуўся ў Расію, прывёзшы з сабою колькі дзясяткаў працаўнікоў, сучасныя машыны і немалы грашовы капітал.

ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ

Менск, 15 траўня 1923 г.

У нядзелю быў у Брагіных. Пайшоў туды вечарам. Засьпеў усю сям’ю ў поўным складзе. Быў нават Кобзаў з жонкай. І ў якасьці адмысловага дадатку — Азімаў. Ён аж пазелянеў са злосьці, калі мяне ўбачыў. Усе раптам замоўклі, і наступіла прыкрая цішыня. Я зрабіў выгляд, што не заўважаю, якое ўражаньне я на іх зрабіў, і пачаў з усімі вітацца. Абмінуў толькі Азімава. Адначасна я сказаў:

— Вельмі цешуся, што бачу ўсіх у добрым здароўі і што нічога не зьмянілася.

Азваўся Брагін, аднак я заўважыў, што робіць ён гэта вельмі неахвотна:

— Мы вас не спадзяваліся. Так даўно вас не было.

— У мяне было шмат працы. Я працаваў над сваёй вынаходкай, якая можа прынесьці шмат карысьці і прынцыпова зьмяніць цяперашні спосаб тэлеграфнай камунікацыі. Таму, уласна, мяне і перавялі ў Менск. Тут ёсьць тэхнічныя майстэрні і можна сканструяваць досьледную мадэль.

— Дык вы тут настала? — сказала Соф’я.

— Так, прынамсі, надоўга, бо, праўдападобна, па сканчэньні працы над вынаходкай паеду ў Школу мэханікаў у Смаленску.

Я заўважыў, што мае акцыі ідуць угару. Усе слухалі зь вялікім зацікаўленьнем. Толькі Азімаў упарта маўчаў і рабіў выгляд, што ня бачыць і ня чуе мяне.

— І падабаецца вам на новым месцы?

— Так, падабаецца. Пачуваюся добра. Камісар Старкоў вельмі прыязна да мяне паставіўся. Робіць мне ўсялякія палёгкі. Я прывёз яму рэкамэндацыйны ліст ад Івана Дзьмітрыевіча Громава — я вымавіў гэтае імя з такой пашанаю, як быццам казаў: Уладзімера Ільліча Леніна. Аднак Соф’я спытала:

— А хто гэта?

Я выказаў зьдзіўленьне:

— А вы ня ведаеце? Дзіўна! Гэта герой Савецкага Саюзу. Сябра Варашылава. Ён камандаваў буйнымі чырвонымі аддзеламі ў баях зь Дзянікіным і палякамі. Увогуле, выдатная асоба. Цяпер займаецца культурна-асьветнай працай у войску.