Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 33
Сергей Песецкий
Раман успомніў даручэньне камісара і зразумеў яго прычыну. Яму хацелася сказаць Карнеўскай, што камісар Старкоў загадаў яе пільнаваць. Аднак Раман не зрабіў гэтага, бо баяўся, што дзяўчына будзе ўважаць яго за інфарматара ГПУ.
Неўзабаве Карнеўская пайшла, і Раман застаўся адзін. Ён расклаў на стале падручнікі і пайшоў у акумулятарную. Праз кароткі час ён пачуў, што ў акумулятарную хтосьці ўвайшоў. З вальтмэтрам у руках Раман вярнуўся туды. Убачыў камісара Старкова і павітаў яго.
— Што чуваць? — спытаў Старкоў.
— Усё ў парадку.
Камісар падышоў да стала і пачаў разглядаць падручнікі.
— Рыхтуецеся да школы мэханікаў?
— Так, — сказаў Раман. — Працую і вучуся.
— А пра нашу размову вы памятаеце?
— Канечне. Памятаю, але пакуль нічога падазронага не заўважыў. Зрэшты, часу не было, бо гэта толькі другое дзяжурства.
— Добра, я пачакаю. Але не сядзіце ўвесь час у акумулятарнай. Знаёмцеся зь іншымі працаўнікамі і аддзеламі. Бо тут вы шмат матэрыялу не зьбераце.
— Канечне. З задавальненьнем.
— Я скажу мэханікам, што вы хочаце папрактыкавацца ў розных аддзелах.
— Вялікі дзякуй.
— А як там ваша Карнеўская? Вы зь ёй размаўлялі?
— Так. Збольшага яна мяне вучыла.
— А што казала?
— Працу сваю любіць і робіць яе ахвотна, толькі наракае на пэрсанал.
— На каго, напрыклад?
— На тэхніка Кусьціка.
— Цікава?
— Расказала, што ён хацеў яе згвалціць, але яна надавала яму па пысе і выкінула з акумулятарнай. Казала, што ён лайдак і сьвіньня, — імправізаваў Раман.
— Ага, зразумела! А яшчэ што казала?
— Трохі наракае на цяжкія жытловыя ўмовы, бо іх «уплатнілі».
— Гэта няважна. Пра пэрсанал?
— Наракала на мэханіка Банеліна, маўляў, ён без патрэбы крычыць і раздражняецца, заміж таго, каб ціха, але рупліва працаваць. Затое вельмі добра адгукалася пра механіка Лімкевіча, пра інжынера і пра вас.
— Пра мяне? — зьдзівіўся камісар.
— Так, — выдумляў Раман. — Казала, што камісар справядлівы, не заахвочвае даносчыкаў і бачыць, хто як працуе.
— Ага! Ну добра… Калі ласка, зважайце надалей. Але ня толькі ў акумулятарнай, а ўвогуле… — камісар паварушыў растапыранымі пальцамі, нібы мацаючы, ці гарачае паветра і, па-змоўніцку ўсьміхаючыся Раману, прымружыў адно вока. — А пра школу механікаў я падумаю. Ніна Андрэеўна казала, што вы працуеце над якойсьці вынаходкай.
Раман сьціпла апусьціў вочы.
— Так.
— І што гэта?
— Я яшчэ не распрацаваў дэталі. Пакуль штудзірую адпаведныя падручнікі і раблю накіды. Праз пару месяцаў пачну рабіць мадэль. Натуральна, я хачу захоўваць гэта ў таямніцы. Каб у выпадку няўдачы ня стаць аб’ектам кпінаў.
— Мне можна даверыць таямніцу. Акрэсьліце толькі прынцып, на якім вашая вынаходка грунтуецца.
— Гаворка ідзе пра тое, каб перадаваць тэлеграмы не з дапамогай ключа ці клявіятуры, што вымагае шмат часу і выклікае памылкі, а наўпрост голасам.
— Як гэта голасам?!
— Вельмі проста. Тэлеграма начытваецца перад рупарам, а на станцыі прызначэньня адпаведны апарат аўтаматычна фіксуе яе на стужцы.
— Ці гэта магчыма?