Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 31

Сергей Песецкий

Раман дастаў з кішэні браўнінг і паклаў яго на стол.

— Гэтым можна зрабіць сабе сьмерць гарантавана і без пакутаў. Адна сэкунда — і ўсё скончана.

Жанчына паглядзела на зброю, на Рамана і раптам ўчапілася зубамі ў пальцы левай рукі, а па твары яе пакаціліся сьлёзы. Раман маўчаў. Ён ня ведаў, што сказаць. Душа была поўная болю, шкадаваньня, спагады, але ён ня мог знайсьці словаў, якія маглі б дапамагчы гэтай жанчыне, даць ёй палёгку. Раман баяўся абразіць яе чым-небудзь, бо адчуваў, што перад ім чалавек, які страшэнна пакутаваў. У гэты момант з суседняга пакою пачуўся капрызны дзіцячы голас:

— Наташа, я так хачу есьці! Якая ты злая! Ходзіш і ходзіш, а я адна. І так жахліва хочацца есьці!

Наташа ўскочыла зь месца і пасьпешна выйшла, амаль выбегла, у наступны пакой. Раман пачуў адтуль шэпт:

— Не кажы нічога… Там чужы… Пасьля дам табе паесьці… Пасьля…

Наташа вярнулася. Раман уважлівей прыгледзеўся да яе. Яна была маладая, але яе твар быў васковы, а вочы шалёныя. Відавочна, яе мучыла гарачка.

«Гэта ад голаду, — падумаў Раман, — два дні ня ела!» Раптам яму прыйшла ў галаву адна думка. Зусім не вагаючыся, ён сказаў:

— Калі хочаце, я дам вам працу. Ад заўтра ці калі зможаце. Калі вам няма што губляць, мяркую, гэтая праца вам падыдзе. Адно што яна вымагае немалой адвагі. Калі ж вы ня прымеце прапанову, то я ўсё адно буду вам даваць (ён паправіўся) пазычаць грошы. Нельга ж дазволіць, каб вашая дачка галадавала.

— Гэта не дачка… Сяброўка… Хварэе…

— Якая розьніца. Зараз я вам дам аванс. Калі ласка. Вы гэта адпрацуеце.

Раман хутка дастаў з кашалька і паклаў на стол колькі банкнотаў. Дадаў, падбадзёрваючы:

— Можаце гэта ўзяць без аніякіх згрызотаў сумленьня. Гэта для мяне драбніца.

Дзяўчына не адпавядала. Задуменна глядзела кудысьці ў пустату. Толькі ейныя вусны дрыжэлі і рукі на каленях былі моцна сьціснутыя. Праз пэўны час яна страпянулася і сказала ціха:

— У вас ёсьць папяросы? Так хочацца курыць! Гэта горшае за голад. Саромеюся гэтай звычкі, але не магу кінуць. Люба мяне прывучыла. Мы палілі ад голаду. Нават махорку. А цяпер так цяжка!

Раман похапкам выцягнуў з кішэні пачак папяросаў «Наша марка» і даў ёй адну. Падаў дзяўчыне агонь і запаліў сам. Пакінуўшы сабе адну папяросу на дарогу, паклаў пачак на стол. Наташа занесла адну папяросу сяброўцы і вярнулася. Яна прагна ўцягвала ў лёгкія дым. Праз пэўны час паклала папяросу на стол.