Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 32

Сергей Песецкий

— Кепска мне.

— Гэта таму, што вы даўно ня елі. Трэба штосьці купіць.

— Добра. Пасьля. А што я мушу рабіць за гэтыя грошы?

Раман нейкі час павагаўся, пасьля сказаў:

— Пакуль нічога. Адпачніце добра і супакойцеся. Я зайду да вас у аўторак. Тады і абмяркуем справу падрабязна. Калі вы прымеце маю прапанову — добра; не — таксама добра. Я вас ні да чаго не прымушаю. Я зычу вам дабра. Звычайная, добрая, людзкая зычлівасьць.

— Я вам веру і дзякую ад усяго сэрца.

— А калі ў будучыні вы раптам захочаце зьдзейсьніць свой ранейшы намер, я дам вам рэвальвэр ці цыянід. Ня ведаю, што вас да гэтага змушала. Калі беднасьць, з гэтым я дам рады. Калі іншыя прычыны, дык, можа, і на іх рада знойдзецца. Цяпер я з вамі разьвітваюся. Калі ласка, не губляйце надзеі, зьбірайце сілы, знайдзіце духовую раўнавагу, а ў аўторак вечарам я сюды прыйду і пагаворым падрабязьней.

Раман разьвітаўся з Наташай, узяў са стала браўнінг і пакінуў кватэру.

Вечар быў цёмны і цёплы. Паветра паркае. Зьбіралася на дождж. Часам усчынаўся вецер. Раман паволі йшоў вуліцамі. Яму было смутна, а ўвушшу ўсё гучалі словы песьні сухотніцы з «Казьбеку»:

Ёсьць у нас легенды, казкі, Аджан! Ёсьць і звычай наш каўкаскі, Аджан! Кахетынскай вып'ем па-кунацку, Каб жылося нам па-брацку.

Раптам яму захацелася напіцца. Ён збочыў і пайшоў на Вайсковыя могілкі, дзе ў склепе была схаваная пляшка сьпірту.

2

12 траўня Раман заступіў на дзяжурства трохі раней. Зіна Карнеўская ў гумовых пальчатках далівала серную кіслату ў акумулятары. Кіўком галавы павіталася з Раманам.

— Хачу пакінуць вам усё ў поўным парадку, бо вам пакуль цяжка. Ужо чацьвёртую групу даліваю.

— Мяркую, вы зашмат працуеце. Мне гэта па сілах.

Раман пачаў памагаць ёй, мераючы арэомэтрам шчыльнасьць раствораў. Яны досыць хутка скончылі работу і пайшлі ў дзяжурку. Раман зьвярнуўся да Карнеўскай:

— Калі вы захочаце некалі займець вольны цэлы тыдзень, скажыце мне, калі ласка. Я магу аддзяжурыць два дні за сябе і за вас. А я ў выпадку патрэбы вас аб гэтым папрашу.

— Згода, — сказала Карнеўская, а тады, сьмеючыся, дадала: — Вы карысны калега. Цяпер нашмат лягчэй працаваць. Мець тры вольныя дні запар — гэта вельмі важна.

— Я думаю так, — сказаў Раман, — калі бавіцца, то бавіцца. Калі працаваць, то працаваць! Я б з задавальненьнем згадзіўся дзяжурыць нават па тры дні, каб пасьля мець дзевяць дзён вольных.

— Але гэта немагчыма.

— Ведаю.

— Ці вы знаеце Аляксандра Кусьціка? — спытала Карнеўская.

— Не-

— «Наглядчык» з тэлефоннай станцыі. Ён сюды часта наведваецца.

— Дык і што?

— Будзьце пільны, бо гэта сексот. У нас іх шмат, але гэты — найгоршы. Нягоднік высокай кваліфікацыі. Я вас папярэджваю, як сябра.

— Вялікі дзякуй. Але што ж ён можа ад мяне даведацца, калі я нічога кепскага не раблю. Палітыка мяне не цікавіць, працу люблю і працую старанна.

Карнеўская ўсьміхнулася.

— Гэта такі тыпчык, што з мухі слана зробіць. Найлепей трымацца ад яго далей. Я нядаўна выкінула яго з акумулятарнай. Пачаў да мяне заляцацца. Хацела яму францускім ключом галаву разьбіць. Цярпець не магу такіх паскуднікаў!