Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 30
Сергей Песецкий
— Добры вечар.
Яна кіўнула, але не адказвала.
— Можна сесьці?
— Але што вы хочаце?! — вымавіла яна ледзьве не са сьлязамі.
— Хачу вам даць добрую параду. Добрую параду зычлівага чалавека.
— Добрую параду! Мне? — Яна хваравіта ўсьміхнулася. — Калі ласка.
Раман сеў на нізкі ўслон. Зацеміў пляшачку, якая стаяла на стале побач з танным люстэркам. Маючы добры зрок, прачытаў на бачнай яму частцы аптэчнай этыкеткі: «Tinctura jo…» Зразумеў, што гэта ёд.
— Была ў мяне адна знаёмая. Вельмі мілая і добрая дзяўчына. Яна хацела зрабіць сабе сьмерць. Разумееце: няшчаснае каханьне. Скочыла ў Сьвіслач. Яе выцягнулі. Тады напілася ёду. Але гэтага было замала, каб атруціцца. Тады паспрабавала ўчадзець. І гэта не выйшла. Тым часам мужчына, дзеля якога яна хацела пазбыцца жыцьця, закахаўся ў яе. Яна выйшла за яго замуж, а праз колькі месяцаў супольнага жыцьця зьненавідзела яго. Скончылася тым, што аднаго дня атруціла мужа і трапіла ў вязьніцу.
— Навошта вы мне гэта расказваеце?
— Перадусім таму, што вы вельмі падобная да той жанчыны. Дык я хачу вам сказаць, што няма такой сытуацыі, зь якой не было б выйсьця.
Вочы жанчыны іранічна бліснулі.
— Ах, які вы разумны. Страшэнна разумны!.. А вы сёньня елі?
— Еў.
— А ўчора?
— І ўчора.
— А я ані сёньня, ані ўчора. А заўчора я ела скрадзеныя параныя абіркі. Ці вы гэта разумееце? — Яна гістэрычна расьсьмяялася. — А ўчора я, разумнік вы мой, памыла сваю апошнюю кашулю. Зьняла зь сябе. Сёньня прадала яе на рынку і купіла на вячэру ёду. Гэта ж лек. Ён мне дапаможа. — На яе шчоках зьявіліся чырвоныя плямы, рукі дрыжэлі, пальцы нэрвова чапляліся за край стала. — Дык вось, шаноўны, гэта не няшчаснае каханьне. Вы памыляецеся… А цяпер складаю вам свае віншаваньні з нагоды вашых здольнасьцяў шпіёна: вы мяне сачылі… Той жанчыны ўвогуле не існавала. А гісторыя з ракою і ўпадзеньнем — плён вашай фантазіі. Таму прашу вас пайсьці адсюль і пакінуць мяне ў спакоі. Я зусім не зьбіралася ані тапіцца, ані труціцца. А калі нават так і было, гэта ня ваша справа! І ўвогуле, што вам дае права… — Яна раптам схапілася за галаву і замоўкла.
— Калі ласка, пры чым тут нейкае права. Рэч толькі ў тым, што я таксама чалавек і што мне прыкра бачыць, як пакутуе іншы чалавек. Можа, вы ў штосьці верыце. Я веру ў добрыя людзкія якасьці, схаваныя нават у найгоршым чалавеку. Калі вы ня верыце ў людзей, то, можа, вы верыце ў лёс. Дык не абражайцеся і ня злуйце на мяне. Згадзіцеся з тым фактам, што лёс паслаў мяне вам, каб дапамагчы ці даць параду ў найцяжэйшай часіне жыцьця. І пастаўцеся да мяне з даверам. Вы ж нічога праз гэта ня страціце. Хіба што лішнія пару дзён. Гэты ёд — ня выйсьце. Перадусім, яго замала, каб атруціцца. Таму вынікам будзе толькі хвароба страўніка альбо доўгае, жахлівае кананьне. Калі вы так упарта стаіце на сваім, то я дам вам лепшы сродак. Калі ласка.