Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 29

Сергей Песецкий

Я адчуў у гэтых словах пэўную няшчырасьць. Аднак я быў задаволены. Гэта ўжо вялікі прагрэс. Я паабяцаў прыйсьці да іх у нядзелю вечарам і разьвітаўся зь Лізкай. Мы дамовіліся, што ня скажам бацькам Лізкі пра наша першае спатканьне.

Дадому я вяртаўся ў найлепшым настроі. Я пачуваўся сапраўды шчасьлівым, хоць і меў так шмат клопатаў ды ведаў, што будзе іх яшчэ больш.

ІІІ

ЁД

Теперь все боль и страх.

Теперь человек жизнь любит,

потому что боль и страх любит...

Дастаеўскі,

«Д’яблы»

1

Раман любіў вечарамі адзін хадзіць па горадзе. Яму здавалася, што людзі такія нязвыклыя, цікавыя. Ён цягаўся па найдалейшых закутках места, па сквэрах, каля вакзалу, і часта яму здаралася назіраць цікавыя рэчы, на якія не зьвярталі ўвагі звыклыя мінакі.

Аднаго разу ён убачыў жанчыну, якая бязмэтна стаяла на мосьце цераз Сьвіслач. Здалёк яна выглядала як цень, што маячыў над парэнчамі ў расьсеяным сьвятле электрычнага ліхтара. Праз пэўны час жанчына пайшла ў глыб парку, але неўзабаве похапкам вярнулася на старое месца і, схіліўшыся над парэнчамі, зноў пачала ўглядацца ў плынь ракі.

«Можа, яна хоча скочыць у ваду? Відаць, яна ня ведае, што тут рака плыткая».

Праз пэўны час жанчына хутка адышла ад парэнчаў і скіравалася на вуліцу Узьбярэжную. Раман пайшоў за ёй. Яна зусім не аглядалася, таму Раману лёгка было сачыць яе.

Дайшлі да вуліцы Савецкай. Жанчына рушыла ў кірунку электрастанцыі. Прамінуўшы яе, затрымалася на адным з двух мастоў, што перасякаюць раку каля Савецкай.

«Што яе да мастоў цягне?» — думаў Раман, упэўніваючыся ў перакананьні, што жанчына хоча скінуцца ў ваду.

Аднак жанчына нядоўга стаяла на мосьце. Яна павярнула назад і, наўскасяк перайшоўшы вуліцу, спынілася каля будкі з содавай вадою. Яна доўга і бязмэтна там стаяла.

«А можа, гэта прастытутка?»

Але яна ні да кога не чаплялася. Раман зьдзіўляўся, што яе паводзіны не прыцягваюць нічыёй увагі. Ён перайшоў дарогу і скіраваўся да будкі з содавай. Ідучы, заўважыў, што жанчына лічыць дробныя грошы. «Можа, хоча штосьці купіць і спраўджвае, ці ёй хопіць грошай?»

Напіўшыся вады, Раман выйшаў з будкі на вуліцу і ўбачыў, што незнаёмка пайшла ў кірунку Садовай. Не дайшоўшы да рогу, раптам вярнулася і хутка адчыніла дзьверы ў аптэку. Цяпер Раман сачыў яе праз акно. Жанчына была сярэдняга росту, худая. На ёй быў чорны зношаны жакет. Высокія шнураваныя чаравікі былі падраныя, абцасы стаптаныя. Калі, стоячы пры касе, яна павярнула галаву налева, Раман убачыў бледны твар і вялікія цёмныя вочы. Жанчына выйшла з аптэкі, хаваючы штосьці ў кішэнь. Яна забылася зачыніць дзьверы. Пасьля вярнулася назад. Раман пачуў ціха прамоўленыя ў задуменьні словы:

— Усё адно.

Зачыніўшы дзьверы, жанчына пайшла ўгару вуліцай Савецкай. Колькі разоў спынялася, стомленая, пасьля ішла далей. У сквэры села на лавачцы і колькі хвілін адпачывала.

Раман упэўніўся, што жанчына зьбіраецца зрабіць сабе сьмерць. Ён хацеў перашкодзіць ёй, але ня ведаў, як гэта зрабіць. Ён саромеўся падысьці да яе і пачаць размову. Урэшце вырашыў пакінуць усё на самацёк, і калі жанчына рушыла далей, пайшоў за ёй. Так яны дайшлі да Ніжняй Ляхаўкі. Гэта была цёмная вуліца на ўскрайку места. Левы яе бок цягнуўся ўздоўж Сьвіслачы. У паўзмроку вуліцы Раман ледзьве бачыў перад сабой постаць жанчыны. Яна збочыла на падворак. Раман падаўся за ёй. У глыбіні двара жанчына ўзышла на ганак і зьнікла ў цёмных сенцах. Раман пасьпешна ўвайшоў туды. Пасьвяціў ліхтарыкам. Убачыў нізкія дзьверы. Адчыніў іх і ўвайшоў у кватэру. У глыбіні пакою за столікам, на якім сьвяціла мініятурная лямпа, стаяла жанчына, якую ён так доўга і ўпарта сачыў. Яна глядзела пашыранымі зрэнкамі яму ў вочы і цяжка дыхала. Пасьля яна ўпала на крэсла. Раман ня мог зразумець, ці гэта страх перад ім, ці стомленасьць. Стараючыся гаварыць як мага лагодна, Раман павітаўся: