Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 176
Сергей Песецкий
«Таксама чэкістка», — падумаў Раман.
Мужчына ў каракулевай шапцы выйшаў на пэрон. Ён трымаў пад пахай вялікі жоўты партфель, а ў руцэ — пузатую валізку. У правай руцэ ў яго было некалькі газэт. Калі ён зьявіўся, чэкісты выпрасталіся, а дзяўчына выняла з вуснаў папяросу.
Мужчына ў каракулевай шапцы наблізіўся да «мяккага» вагону і ўвайшоў усярэдзіну. Марозаў сказаў Раману:
— Літовец. Прозьвішча Ячоніс, імя Каэтан. Былы эсэр. Камуніст з 19-га году. Сябар Якуца. Перад вайной працаваў у Літве. Доўгі час жыў ва Ўладзіміры на Клязьме. Прадстаўся «багамазам». Мяркую, ён вязе копію праекту загаду 33 у Штаб Заходняга фронту. Інфармацыя надзейная. Трэба нешта там узгадніць. Удачы. Сустрэнемся ў Магілёве.
Цягнік рушыў. Раман увайшоў у «мяккі вагон». Ён глядзеў, як адплывалі назад: будынак вакзалу, чэкісты, чэкістка, Марозаў. Пад пахай у яго быў шчыльна напханы партфель. На ім была форма малодшага краскома пяхоты. На галаве ў яго была будзёнаўка, на рэмені — наган у кабуры.
Ячоніс быў у самым першым купэ ад уваходу. Ён павесіў паліто і пачаў раскладаць рэчы. Раман мінуў яго купэ. Пасажыраў было мала — па двое, па трое ў купэ. А апошняе, з другога канца вагону, было ўвогуле пустое. Раман вярнуўся. Адчыніў дзьверы ў купэ, у якім сядзеў Ячоніс, і, увайшоўшы, павітаў яго. Той буркнуў штосьці ў адказ з-за газэты і акінуў Рамана кароткім поглядам вылінялых, нібы вымытых у хлёрцы, сьветлых вачэй.
Раман зьняў рэмень з наганам і паклаў на сетку. Павесіў шынель на кручок ля акна. Потым сеў у кут канапы і пачаў глядзець у акно.
Прыйшоў кантроль. Правяралі білеты. Раман паказаў вайсковы, Ячоніс — праязны білет. Праз пэўны час Ячоніс выняў з кішэні паліто вялікую срэбную папяросьніцу і ўзяў зь яе папяросу. Доўга ўмінаў яе ў пальцах, потым пачаў шукаць па кішэнях запалкі. Але не знайшоў. Зірнуў на Рамана, відаць, хацеў папрасіць агню, але перадумаў і паклаў папяросу на край стальніцы. Тады Раман выняў з кішэні каробку запалак і сказаў са сьпеўнай уладзімірскай вымовай:
— Калі ласка, грамадзянін.
Ячоніс узяў каробку.
— Забыўся дома запалкі. Пакінуў у іншым пінжаку. Можа, у вас ёсьць лішні карабок — я вярну грошы.
— Ніякіх грошай, — сказаў Раман яшчэ больш сьпеўна, расьцягваючы «о» і вымаўляючы «а» як «о». — Запалкі ўваходзілі ў мой паёк. Калі ласка, карыстайцеся без усякіх цырымоніяў.
Ячоніс зьлёгку ўсьміхнуўся куткамі вуснаў і сказаў:
— Вы, таварыш, з Уладзімірскай губэрні.
— Сапраўды. А вы адкуль мяне ведаеце? — Раман зрабіў выгляд, што зьдзівіўся.
— Мяркую па вымове.
— Так. Я з самога Уладзіміра.
— Я таксама ведаю Уладзімір. Працаваў там перад вайной, рэтушорам у фатаграфічнай майстэрні Ягорава.
— Ягоравых у нас шмат, — сказаў Раман. — А такога, каб меў фатаграфічную майстэрню, ня ведаю. Я перад вайной малы быў.
Ячоніс зьняў боты і лёг на канапу. Партфель ён паклаў пад галаву.
«Асьцярожны, сволач!» — падумаў Раман.
Яны размаўлялі далей. Раман рабіў выгляд, што ня ведае, што яго размоўца — вядомая асоба, і ставіўся да яго падкрэсьлена абыякава, нават нядбала, увесь час мімаходзь называючы яго «грамадзянін», што выклікала іранічныя іскры ў вачах Ячоніса. Асабліва тады, калі Раман, гаворачы пра працу камуністаў у арміі, ганарліва казаў: «Мы, камуністы».