Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 174

Сергей Песецкий

Берасьце, б лістапада 1923 г.

Учора была дзіўная сустрэча. Мае высновы пацьвердзіліся: Вера — наша агентка.

Зранку я ішоў вуліцай 3 Траўня і заўважыў праз шыбу кавярні жанчыну, што сядзела за столікам. Калі яна павярнула галаву да акна, яе твар падаўся мне добра знаёмым. Я пайшоў далей. Але мяне мучыла гэта: адкуль я яе ведаю? Я вярнуўся і ўвайшоў у кавярню. Сеў за столік насупраць. Жанчына гартала ілюстраваны часопіс. Я пазнаў Веру.

Калі да майго століка падышла афіцыянтка, я замовіў каву і пірожныя. На гук майго голасу Вера, зьдзіўленая, узьняла галаву і зірнула мне ў вочы. Я зрабіў выгляд, што не пазнаю яе. Але праз імгненьне яна ўзьнялася зь месца і сказала ціха:

— Прабачце, я вас ведаю.

— Але я вас ня ведаю.

— Вы ня памятаеце «Парыж»?

— Я ніколі ня быў у Францыі.

Трохі разгубленая, яна глядзела на мяне. Тады я сказаў:

— Я добра памятаю і «Парыж», і Губэрнатарскі сад.

— А як вы сюды трапілі?

— А вы яшчэ не разумееце?!

Раптам яе вочы бліснулі, і на твары зьявілася ўсьмешка:

— Ох, разумею… Дык вы таксама…

Я скончыў за яе:

— Таксама агент. Мы калегі.

Вера весела расьсьмяялася. Мы селі за адзін столік.

— Ведаеце, — сказала дзяўчына, — вашыя паводзіны там былі… ну, дзіўныя. Але гэтага я не дапускала! Я баялася, што вы штось падазраяце, але што вы таксама працуеце ў нас, гэтага мне ў галаву не прыйшло!

— Вы памятаеце каньяк?

— Яшчэ як!

— А снатворны парашок?

— Адкуль вы ведаеце?

— Я здагадаўся, а апроч таго, заўважыў у люстры падазроны рух, таму памяняў шклянкі.

— Але вы выпілі з абедзьвюх.

— Не. Другую выліў у трубу самавара.

— Дык вы ня спалі?

— Не.

— І бачылі ўсё, што я рабіла?

— Так.

— Ох, як жа гэта па-дурному!

— Потым я вам падзякаваў па-польску. А вы думалі, што гэта ў сьне.

— Але ж вы прайдзісьвет.

— Вы таксама тая яшчэ прайдзісьветка!

Мы расьсьмяяліся.

— Ведаеце, што? Нас жа могуць абвінаваціць, што мы працуем разам.

— Я таксама пра гэта думаў, але мяркую, што не. Вы ж маглі перапісаць загад дзесьці ў іншым месцы, а я здабыць арыгінал пазьней. Калі што, я раскажу шэфу, як так здарылася. Ён будзе сьмяяцца.

— Дык вы не намесьнік камандзіра пагранатраду? Як міла!

— Дык вы не карэспандэнтка «Трудовой правды»? Як міла! Вы ж хацелі завербаваць мяне як свайго інфарматара.

— А вы — мяне.

— Натуральна. Вы ж, калі б вы сапраўды былі рабкорам, проста скарб!

— А так, як цяпер?

— Так яшчэ лепей.

— Але вы абышліся са мной несумленна.

— Чаму? Я даў вам перапісаць загад. Расказаў вам гісторыю, як злавіў шпіёна.

— Так. Сябе самога.

— А яшчэ што? Парасказваў вам трохі з гісторыі Польшчы. А вось я ад вас нічога не атрымаў.

— А інфармацыю пра манэўры?