Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 177

Сергей Песецкий

— У якім фармаваньні вы служыце, таварыш? — спытаў праз пэўны час Ячоніс.

— У 23-м пяхотным палку, 8-я пяхотная дывізія, V корпус.

— Дзе ён раскватараваны?

— Не магу вам гэтага сказаць, грамадзянін. Калі ласка, не крыўдуйце, але такі прынцып. Так. Вы, грамадзянін, павінны ведаць, што вайсковая служба — гэта такая служба, што цывільным нічога пра яе не гавораць. Дый навошта? У цывільнага цывільная праца, а ў вайскоўца — вайсковая. Здаецца, таварыш Троцкі тое самае пра гэта казаў, толькі ня памятаю, як. Гэта, грамадзянін, разумееце, як дзьве нагі ў чалавека. Удзень кожная сваё робіць, а ўначы адна другую грэе.

«Ну і тупая ж ты доўбня», — чытаў Раман у поглядзе Ячоніса.

— А скажыце, таварыш, як цывільны Троцкі мог камандаваць савецкай арміяй падчас вайны?

— Бо Троцкі — гэта правадыр усяго пралетарыяту. А да пралетарыяту належаць і салдаты, і афіцэры, і рабочыя, увогуле ўсё грамадзтва.

Ячоніс падаў Раману папяросьніцу:

— Частуйцеся, таварыш, папяросай. У падзяку за запалкі.

— Гэта значыць: «тавараабмен», — засьмяяўся Раман.

— Нешта накшталт таго.

Раман зацягнуўся папяросай і пакруціў галавой:

— Ого! «Нэпаўскі» тытунь.

— Чаму «нэпаўскі»?

— Я такога яшчэ не паліў. Пахне шыкоўна і горла гладзіць. Аксамітная, можна сказаць, рэч. У нас такога не бывае. Вы, грамадзянін, мабыць, нэпман. І паліто дыхтоўнае і мяккае, і шапка каракулевая, і ў валізцы, мабыць, адны «лімоны». Вам, грамадзянін, трэба быць пільным, бо цяпер на чыгунках крадуць страшна. Як я ехаў сюды, дык у аднаго нэпмана кішэнь распаролі і грошы забралі. Такая сацыялізацыя без усякіх мандатаў ідзе, што мама не бядуй! Валізку раю вам на ноч пад галаву ўзяць, шапку каракулевую таксама, а палітом накрыцца.

Ячоніс, пацешаны гэтай лекцыяй Рамана, сказаў весела:

— Навошта? Мы дзьверы зачынім, і ўсё. А ў выпадку, калі нехта будзе ламіцца, то мяркую, таварыш абароніць маю валізку зь мільёнамі.

— Канечне, грамадзянін. Нэпманы таксама патрэбныя. Калі б таварыш Ленін меркаваў, што яны шкодныя, то іх бы на раз-два зьліквідавалі.

Раман зачыніў дзьверы купэ на ўнутраны замок і апусьціў цёмны абажур на лямпачку пад стольлю. Купэ занурылася ў паўзмрок. Тады Раман паклаў рэвальвэр і партфель пад галаву, сказаўшы Ячонісу:

— Замок замком, а асьцярожнасьць не зашкодзіць. Адкуль я ведаю: можа, таварышы злодзеі ў змове з таварышамі праваднікамі? Дабранач, грамадзянін. Запаланю ляжаць на століку.

— Дабранач.

Праз чвэрць гадзіны Раман пачуў, што Ячоніс сьпіць. Ён пачаў назіраць за яго тварам. Рот літоўца быў адкрыты, галава закінутая назад, так што было відаць кадык, які выразна выступаў і час ад часу рухаўся. Раман трохі ссунуўся з канапы і, абапіраючыся галавой аб сьценку купэ, дакрануўся пальцамі да партфеля. Верх яго быў зроблены зь цьвёрдай, тоўстай скуры, а бакавыя ўстаўкі — зь мяккай скуры. Пра тое, каб выняць партфель з-пад галавы Ячоніса, не выпадала і марыць. Іншая рэч, калі б ён варушыў у сьне галавою, але ён спаў спакойна, паклаўшы шчаку і левую руку на складзены ў некалькі столак пінжак, пад якім знаходзіўся партфель.