Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 178

Сергей Песецкий

Раман паглядзеў на гадзіньнік. За дзьве гадзіны яны павінны былі прыехаць у Вязьму. Трэба было нешта рабіць, бо ён меў намер — калі ўсё скончыцца добра — выйсьці зь цягніка ў Вязьме і там чакаць наступнага, бо ехаць далей тым жа было занадта небясьпечна.

Ячоніс пачаў пераварочвацца на сьпіну. Ён нешта мармытаў. Раман устаў. Нацягнуў шынель. Зашпіліў рэмень. Надзеў будзёнаўку і расшпіліў кабуру, каб можна было ў любы момант схапіць рэвальвэр. Потым выняў завостраны, як брытва, штылет і, прысеўшы на кукішкі на падлозе ля ўзгалоўя Ячоніса, пачаў рэзаць партфель уздоўж шва. Спачатку ён падразаў неглыбока, потым усё глыбей. Потым канчаткова перацяў валокны нітак і штылетам адцягнуў шматок скуры шырынёю тры пальцы. Закруціў яе ўверх. З краю партфеля ён убачыў карэньчыкі кніжак. На адным зь іх ён прачытаў: Ленін, «Шаг вперёд, два назад». Пад кніжкамі была вялікая тэчка з тонкага жоўтага кардону.

«Тое, што трэба!»

Раман, прытрымліваючы левай рукой партфель, каб ён не дрыжаў, правай пачаў выцягваць тэчку. Штылет ён трымаў у зубах. Адначасова колькі сэкунд пазіраў на твар Ячоніса.

Ён выцягнуў ужо траціну тэчкі, калі Ячоніс пачаў пераварочвацца на правы бок. Спачатку Раман зьнерухомеў, а потым, карыстаючыся з таго, што Ячоніс уладкоўваўся зручней у сьне, выцягнуў тэчку цалкам. Паклаў яе на падлогу. Апусьціў выразаную ў партфелі скуру і штылетам усунуў яе як мага далей усярэдзіну. Запоўнены кніжкамі партфель ня надта зьменшыўся, і Ячоніс мог няхутка заўважыць крадзеж.

Раман разьвязаў матузкі тэчкі і адкрыў яе. Ён убачыў запоўненыя машынапісам аркушы паперы. Далей былі нейкія рукапісы і друкаваныя дакумэнты. Ён паклаў усё ў свой партфель, зьняў будзёнаўку і паклаўся на канапу. Усё было ў парадку. Цяпер ён чакаў прыбыцьця цягніка ў Вязьму. Згодна з гадзіньнікам, гэта павінна было адбыцца праз паўгадзіны.

Ён паглядзеў на Ячоніса. «Папомніш уладзімірскага „багамаза“ і яго лекцыю пра злодзеяў! А можа, нават не здагадаешся, што гэта мая праца?»

У Вязьме Раман ціха адчыніў дзьверы і выйшаў у калідор. Ён ня выйшаў на пэрон, а саскочыў з другога боку цягніка на чыгунку. Адышоў далей ад станцыі. Спыніўся каля цёмных прастакутнікаў старых шпалаў. Знайшоў там зацішнае месца і зьняў зь сябе будзёнаўку і шынель. Выняў з партфеля скураную куртку і шапку з чырвонай зоркай. Ён яшчэ ў Маскве прадбачыў, што давядзецца пераапранацца пасьля тога ці іншага — у залежнасьці ад акалічнасьцяў — выкананьня працы. Запасныя дакумэнты ён заўжды меў пры сабе.

Раман паклаў на расьсьцелены шынель будзёнаўку, партфель і кабуру ад рэвальвэра. Згарнуў гэта ўсё ў вузел і пачаў шукаць зацішнае месца, куды можна было б гэта выкінуць. Знайшоў непадалёк напоўнены вадой роў. Узяў колькі камянёў і, разгарнуўшы шынель, паклаў іх усярэдзіну. Потым кінуў усё ў роў. Ад краскома, які ехаў зь Ячонісам, не засталося і сьледу. Цяпер гэпэушнікі маглі безвынікова пільнаваць краскомаў, якія ехалі цягнікамі і праходзілі праз вакзалы, падобных з выгляду на слоўны партрэт, дадзены Ячонісам.