Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 175
Сергей Песецкий
— У мяне была лепшая. А вы ў гатэлі корпаліся з тым рэвальвэрам у кішэні.
— Вы заўважылі?
— А як жа. Адразу. Вы вынялі яго з кішэні курткі, калі пайшлі па хустку.
— Аднак вы назіральны!
— Такая наша праца… А вы спалохаліся, калі я выняў шпульку з апарату?
— Не. Слова даю, што зусім не баялася. У выпадку чаго застрэліла б вас. І ня думайце, што я б вагалася.
— Ведаю, што не.
Неўзабаве мы разьвіталіся. Я папрасіў, каб яна зайшла да мяне, у гатэль, але яна ўсьміхнулася і сказала: «Гэта не „Парыж“!»
Калі яна пайшла, я аглянуўся. У ёй цяжка было пазнаць тую карэспандэнтку: элегантная, зграбная, яна хутка ішла ў кірунку вуліцы Дамброўскага. Аглянулася і яна. Махнула мне рукой.
Ці ўбачымся мы яшчэ калі-небудзь? І пры якіх акалічнасьцях? І ўсё ж мне прыкра, што яна паддае сябе таму, чаму мы, мужчыны, паддаём сябе і пад чым часта згінаемся. А яна — такая слабая фізычна, такая ўражлівая… Не магу бяз страху падумаць пра тое, праз што ёй давялося б прайсьці, трапіўшы ў рукі чэкістаў. І адкуль у такім хударлявым целе такая сіла духу?!
Я ўспамінаю, што падчас нашай размовы мы ні разу не сказалі адно аднаму «ты» — як там у цягніку, а потым у «Парыжы». Цяпер, калі я думаю пра яе, мне ўвесь час успамінаецца Болід. Ён таксама быў нэрвовы, лагодны, заўжды нібыта чагосьці саромеўся.
Здаецца, заўтра я паеду на працу. Здарылася штосьці важнае, але я ня ведаю, што. Зрэшты, я сам хачу ехаць — неяк мне тужліва. І ўвесь час цягне да какаіну. Можа, у віры прыгодаў ён хутчэй выйдзе з галавы.
XIII
БЕЛАЯ ЧУМА
«У кожным з нас ёсьць дэман,
які часам дрэмле, але часьцей
чувае і спакушае нас губіць сябе
і іншых».
Джэфры Фарная,
«Шырокая шаша»
1
Камбат Марозаў стаяў ля галоўнага ўваходу былога Аляксандраўскага вакзалу і, смалячы папяросу, прыглядаўся да людзей, што заходзілі на сходы. Надвор’е было кепскае. Мокры сьнег падаў і адразу раставаў на бруку. Ліхтары цьмяна мігцелі ў насычаным вільгацьцю паветры.
Марозаў наставіў каўнер шыняля і закурыў чарговую папяросу. Ён яўна непакоіўся. Час ад часу паглядаў на гадзіньнік.
Пад’яжджалі амаль пустыя ў гэты час трамваі і выкідвалі на брук нешматлікіх пасажыраў, якія сьпехам ішлі ў кірунку вакзалу.
Да ад’езду цягніка на Смаленск заставалася ўсяго 10 хвілін, калі з глыбіні плошчы бліснулі фары аўтамабіля. Марозаў ажывіўся. Паправіў каўнер, кінуў папяросу і пайшоў нядбалым крокам у кірунку трамвайнага прыпынку.
Аўтамабіль апісаў шырокае паўкола і спыніўся ля вакзалу.
Зь яго выйшаў высокі, дзябёлы мужчына ў чорным паліто і каракулевай шапцы. Ён сказаў нешта кіроўцу і пайшоў да ўваходу ў вакзал. Марозаў павярнуў і сьпешна скіраваўся за ім. У чакальні вакзалу ён наблізіўся да Рамана, які, чытаючы «Нзвестия», стаяў ля акна. Марозаў сказаў:
— Ёсьць. Пайшлі.
Яны паказалі білеты кантралёру і выйшлі на пэрон. Пачалі хадзіць уздоўж цягніка, назіраючы за выхадам з вакзалу. Ля выхаду круцілася некалькі чэкістаў у форме. Нейкая прыгожая, модна апранутая дзяўчына дыміла папяросай, сьлізгаючы вачыма па людзях, якія выходзілі на пэрон.