Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 164
Сергей Песецкий
А вечарам быў прыём у Камуністычным клюбе. Я выпадкова апынуўся ў групе польскіх камуністаў. Пачуў там з вуснаў паляка першую страфу польскага гімну:
Так вымушана блазнаваць і прыніжаць сябе польская камуністычная пешка, каб выклікаць усьмешкі на вуснах функцыянэраў і запэўніць іх у сваёй добранадзейнасьці.
Я даведаўся, што Вацлаў Станельскі — той, які не заплаціў мне грошы за выкананае за яго заданьне, — пайшоў за мяжу на адцінку Коласава. Той жа ночы ён вярнуўся, расказваючы, што на памежжы яго напаткалі двое кавалерыстаў і ён ледзь здолеў ад іх уцячы, кінуўшы ўсё, што ён меў з сабою.
Здарылася вельмі прыкрая рэч. Бальшавіцкія дывэрсанты захапілі ўзводнага Кронэра, які ехаў фурманкай са Стоўпцаў, і зацягнулі яго ў Койданава. Відаць, меркавалі, што гэта польскі афіцэр. Можа, спадзяваліся знайсьці ў яго дакумэнты і грошы. Мне вельмі шкада Кронэра. Гэта быў мілы чалавек: вясёлы, шчыры, добры, зычлівы. Ён служыў ва Управе, бо быў прыкамандзіраваны туды з палка. За мяжу ніколі не хадзіў. Зрэшты, ён зусім ня быў выведнікам і ня меў ніякай для таго кваліфікацыі. Ён нават па-расейску не гаварыў.
Першы пра гэта даведаўся Харэўскі, які быў у Рубяжэвічах. Ён адразу выехаў у Ракаў. Засьпеў там Кралевіча, Паланева і Боліда. Яны пастанавілі пайсьці ў Койданава і адбіць Кронэра. Яны слушна меркавалі, што яго пратрымаюць там пару дзён. Арганізавалі справу так: паслалі Кралевіча — які ўсё яшчэ адпачываў — на выведку ў Койданава. Яго заданьнем было дасьледаваць дарогу да мястэчка і знайсьці пастарунак, у якім трымаюць Кронэра. Потым ён павінен быў вярнуцца ў Рубяжэвічы, пазначаючы на мапе дарогу, і чакаць нас у дамоўленым месцы — у адным жыдоўскім заезным двары. Мне даслалі тэлеграму, каб я ўсё кінуў і неадкладна прыяжджаў разам з Клядзінскім. Я ведаў, што Харэўскі ня будзе нас дарма туды цягнуць і што гэта вельмі важная справа. Таму мы першым цягніком паехалі да мяжы. Тым часам Харэўскі, Паланеў і Болід рыхтавалі ўсё да выправы. Яны здабылі нават кавалерыйскія вінтоўкі і шмат гранат.
Калі мы прыехалі ў Ракаў, усё было гатова да выправы. Мы адразу паехалі дзьвюма фурманкамі да Рубяжэвічаў. Увечары былі на месцы. Кралевіч ужо чакаў нас. Ён сказаў, што быў у Койданаве і бачыў пастарунак, яго добра ахоўваюць і стаіць ён у нязручным месцы. Мы вывучылі на мапе дарогу і імправізаваны плян мястэчка. Антон сказаў, што пазнаёміўся з двума радашковіцкімі мяшчанамі, якія добра ведаюць дарогі да Койданава і мястэчка. Ён прапанаваў нам узяць іх у якасьці праваднікоў. Зазначыў, што яны робяць добрае ўражаньне, адзін зь іх сядзеў у бальшавіцкай вязьніцы, і абодва абазнаныя са зброяй. Мы ахвотна на гэта згадзіліся. Узмацненьне нашых сілаў было пажаданае, бо задача была цяжкая. Шэсьць чалавек для гэтага было замала. У Койданаве было шмат войска і моцны аддзел ГПУ. Клядзінскі разам з Антонам пайшлі дамовіцца з тымі людзьмі, а мы распрацавалі канчатковы плян адбіцьця Кронэра. Калі б было больш часу, мы б арганізавалі гэта зусім іначай, але нас падганяла жаданьне як найхутчэй вырваць у бальшавікоў Кронэра.