Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 162
Сергей Песецкий
Сярод іншых рэчаў я прынёс (для сябе) бюлетэнь пра здароўе Леніна. Яго хвароба ўсіх трымала ў напружаньні. Насельніцтва спадзявалася, што па яго сьмерці новая ўлада падзе… Кампартыя добра пра гэта ведала і старалася хаваць зьвесткі пра кепскі стан здароўя Леніна. Яго фатаграфавалі з усьмешкай на твары, у кампаніі «дачушкі вартаўніка», дэлегацыі сялян і г. д., тым часам інтэнсіўна рыхтуючыся да здушэньня бунту, што мог пачацца. Рабіліся захады перасьцярогі. Расла колькасьць арыштаў. ГПУ працавала інтэнсіўна. Тэрор мацнеў, ахвяры каналі ў сутарэньнях ці ішлі да сьценкі. А правадыр пралетарыяту, за замах на якога забілі сотні сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, а цяпер дзеля благога стану яго здароўя ліквідавалі яшчэ тысячы, усьміхаўся згаладаламу насельніцтву найсвабаднейшай пад сонцам дзяржавы са старонак ўсіх ілюстраваных выданьняў. І яму было з чаго сьмяяцца. Але тым, хто глядзеў на гэты твар, было не да сьмеху. Адных прыгнятаў страх за ўласную скуру — калі пачнуцца закалоты. Другіх сёмы год прыгняталі абаронцы правоў пралетарыяту.
Не магу здабыць загаду Рэвваенсавету № 33. Дакладней, яго праект, бо загад яшчэ ня выйшаў. Я страціў багата часу і грошай, і ўсё марна. Я дакладна ведаю яго галоўныя палажэньні, але гэтага мала. Патрабуюць копію ці фатаграфію. Шалею са злосьці. Я хацеў бы быць першым, але мяне могуць апярэдзіць іншыя агенты. Марозаву ў Маскве не пашанцавала, і яго ледзьве ня выкрылі. Каб хоць ня трапіў пад назіраньне. Трэба быць зь ім асьцярожным. Я сказаў яму, што мы на пару месяцаў спынім працу. Яго гэта засмуціла. Але нельга легкадумна яго падстаўляць. Ён можа яшчэ вельмі прыдацца. Тым часам буду працаваць зь іншымі інфарматарамі, менш эфэктыўнымі. Калісьці праца ў мяне ішла дасканала. Цяпер усё ўскладняецца… Проста ня шчасьціць. У мяне ёсьць магчымасьць здабываць важныя рэчы, але ня тыя, якія нам патрэбныя. Інфарматары таксама прыбрэхваюць. Аднаму я сказаў, што калі ня можа даваць добрай інфармацыі, то няхай дае, што можа, але не кампрамэтуе мяне, бо за фальшывыя зьвесткі я здам яго ў ГПУ. Часта для праверкі праўдзівасьці асобных інфарматараў даю ім заданьні, добра мне вядомыя. Потым проста ў вочы выкрываю падман. Гэта адзіны шлях, каб яны паважна ставіліся да працы. Але я не зьнеахвочваю іх. Можа здарыцца, што ня вельмі варты цяпер інфарматар стане вельмі эфэктыўным. Напрыклад, у выпадку вайны ці калі пачне ісьці ўверх па службовай лесьвіцы.
Я ўсё мару пра вайну. Але не ідзе да таго. Бальшавікі надта слабыя і будуць унікаць яе, як могуць. Найвялікшай іх слабасьцю ёсьць нястача патрыятызму ў народзе. Нават у арміі пашыраецца раскладаньне. А на фронце найменшыя няўдачы прывялі б да таго, што было пры ўладзе Керанскага. Цяжка патрабаваць, каб салдат мужна ўставаў на абарону сваёй галечы, паняверкі і голаду сваёй сям’і. Біцца за тое, каб камісары добра пачуваліся, ахвотна яны ня будуць. А можа аказацца, што павернуць штыкі супраць сапраўднага ворага народу. Абы толькі надарылася нагода! У савецкай арміі пашыраецца антысэмітызм. Жыдоў ненавідзяць. Ім прыпісваюць усю віну за галечу народу. Кажуць, што жыдоўства праз свой міжнародны ўплыў, майстэрска схаваны, імкнецца пазбавіць расейскі народ інтэлігенцыі і заняць усе высокія пасады. А потым перакіне сацыялістычную плятформу направа і створыць наймацнейшую ў сьвеце базу для жыдоўскай нацыі. У вялікай меры на гэта ўплывае тая акалічнасьць, што ля стырна ўлады знаходзяцца пераважна жыды. Я чуў, як адзін камуніст (ня мой інфарматар) выказваўся ў сваім коле, абмяркоўваючы хваробу Леніна: «Калі ня стане Леніна, то лепей грузін Сталін, чым жыд Троцкі». Антысэмітызм ахоплівае ўсё шырэйшыя сфэры, і расейцы глядзяць на жыдоў сапраўды зь нянавісьцю. Яны ўважаюць іх за прычыну ўсякага ліха. Праўду кажучы, не скажу, каб я ўважаў жыдоў за прычыну ўсяго ліха. Я бачу, што ім (за выняткам тых, хто на пасадах) вельмі кепска. Яны папросту ня маюць поля дзейнасьці і занураюцца ўва ўсё большую галечу. У дадатак яны добра ведаюць, што абудзілі да сябе нянавісьць, і самі пачынаюць ненавідзець тых, з чыёй прычыны гэта здарылася. Скасаваньне царскай «рысы аселасьці» не адкрыла ім поля дзейнасьці, бо на гэтым полі нічога не расьце, апроч крыўды, эксплюатацыі і нянавісьці.