Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 166

Сергей Песецкий

Праваднікі раілі ісьці праз мост паблізу вёскі Баравая. Кралевіч раіў знайсьці брод і пераправіцца там. Але праваднікі казалі, што берагі забалочаныя, а рачулка з глеістым дном. Яны сьцьвярджалі, што на мосьце варты няма і што ў гэты час там рэдка хто праяжджае.

Дзеля гэтага мы пастанавілі ісьці праз мост. Вызначылі пароль, пры дапамозе якога мы змаглі б пазнаць адзін аднаго, калі б згубіліся. Гэта было слова «камень». Тым самым парадкам рушылі далей. Праз пэўны час пачулі перад сабой шум вады, а яшчэ празь дзясятак крокаў разгледзелі абрысы моста. Клядзінскі заўважыў, што зайшоўшы на мост, праваднікі вельмі хутка пайшлі наперад і збочылі налева. Ён хацеў пасьпець за імі, але не разумеў прычыны пасьпеху. Падумаў, што яны хочуць першыя спраўдзіць, ці вольная дарога за мостам. Таму ён ішоў наперад паволі і толькі ўважліва паглядаў у тым кірунку. Раптам грымнуў стрэл зь вінтоўкі, і ў той жа момант на ўзгорку за ракой успыхнуў моцны пражэктар, зырка асьвятляючы мост. Клядзінскі крыкнуў:

— Здрада! Падай, — і кінуўся на дошкі моста.

Затарахцеў кулямёт, але кулі ляцелі завысока над людзьмі, якія залеглі. Відавочна, яго ўсталявалі вечарам з такім разьлікам, каб можна было расстраляць людзей, якія ідуць.

На мосьце ляжалі толькі двое: Клядзінскі і за колькі крокаў ад яго Харэўскі. Кралевіч быў ужо на другім баку ракі. Паланеў і Болід яшчэ не ўвайшлі на мост. А Раман, калі ўспыхнуў пражэктар, адпоўз назад, потым саскочыў на бераг ракі.

Кулямёт тарахцеў.

Харэўскі крыкнуў:

— Хлопцы, гранаты!

Болід, Раман і Паланеў, якія былі па-за абсягам пражэктара, пачалі кідаць гранаты, стараючыся закінуць як мага далей на другі бок ракі — пераважна ў кірунку сьвятла пражэктара. Клядзінскі, Харэўскі і Кралевіч стралялі туды з рэвальвэраў. Пражэктар быў найбольшай небясьпекай.

Першыя выбухі ўскалыхнулі паветра. На другім баку ракі было чуваць тупат людзей, што бязладна адступалі. Сьвятло пражэктара спаўзло з моста і паволі пасунулася па дарозе. Тады Клядзінскі, Харэўскі і Кралевіч бегма адступілі на левы бераг ракі.

На правы бераг ракі зноў паляцелі некалькі гранат, і ўсе пачалі хапатліва адступаць да балота. Клядзінскі сказаў:

— Як толькі загыркае кулямёт, легчы і страляць у пражэктар. Калі пагасьне, уставаць: гранаты і назад!

Тут за мостам пачуўся зычны голас:

— Таварышы, наперад!

Паласа сьвятла пражэктара блукала па кустох, полі і дарозе. Кулямёт змоўк.

— Хлопцы, падрыхтаваць гранаты і чакаць. Пусьціць на мост! — сказаў Паланеў.

На мосьце загрукаталі крокі людзей, якія беглі. Зноў пачуўся голас:

— Таварышы, наперад!

Тады Паланеў сказаў:

— Цяпер. Разам. Кідай!

Кожны кінуў некалькі гранат. Некаторыя выбухалі разам, у паветры сьвісталі асколкі. Сьвятло пражэктара бязмэтна блукала. Паблізу моста гучалі крыкі і лаянка. Было чуваць крокі людзей, якія беглі.

Зноў загрукацеў кулямёт. Хтосьці крыкнуў:

— Не страляць у сваіх!

Кулямёт змоўк.

Сябры похапкам ішлі паплавамі, а потым нацянькі праз палі. Праз пэўны час ззаду загучалі галасы людзей, што беглі, і крыкі:

— Таварышы, наперад! Узяць іх!