Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 163

Сергей Песецкий

Учора размаўляў з Клядзінскім пра Харэўскага. Я падрабязна расказаў пра яго прамову ў тэатры 8-й дывізійнай школы. Клядзінскі сказаў мне, што Харэўскі трымае ў руках увесь V корпус. І што працуе без інфарматараў. У яго толькі адзін памочнік, якога ён уладкаваў на высокую пасаду ў Штабе Заходняга фронту. Той працуе як рэзыдэнт, а ён — як агент. Харэўскі вядомы ў вайсковых колах V корпусу як непахісны фанатык-камуніст, які за ўсімі сочыць і мае блізкія стасункі з найвышэйшымі асобамі Саюзу. Таму ўсе яго баяцца, успрымаючы за пільнае вока ЦК сярод краскомаў V корпусу.

Дасягнуў ён гэтага лёгка: «забыўшы» ліст ад Петэрса — натуральна, некалькі краскомаў яго прачыталі, — які яму пераслаў з Масквы Зіноўеў, а потым выправіўшы ў засьценкі аднаго краскома, які яму ў чымсьці стаў на перашкодзе. Наўпрост у ГПУ ў Маскве трапілі неабвержныя довады кантакту таго краскома з Савінкавым і францускай місіяй у Польшчы. Яго арыштавалі. За што арыштавалі, ніхто ня ведаў. Але агульным сакрэтам было, што да гэтага спрычыніўся Харэўскі. З таго часу яго аўтарытэт быў непахісны і ўсе яго баяліся.

Потым Клядзінскі расказаў мне пра кастрычніцкія ўрачыстасьці ў адным савецкім гарнізоне. Там зладзілі парад. Салдатаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў лакавага заводу сярод іншых вітаў нейкі краском лёзунгамі: «Таварышы мэталюргі! Вы будзеце біць буржуазію вашымі молатамі! Таварышы цырульнікі! Вы будзеце рэзаць буржуазію вашымі брытвамі!» і г. д.