Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 165
Сергей Песецкий
Вярнуўшыся, Клядзінскі сказаў, што тыя тыпы ня вельмі яму падабаюцца, але ён дамовіўся зь імі, што яны пойдуць разам з намі за мяжу. Вырашальнае значэньне ў гэтым мела тая акалічнасьць, што яны дасканала ведаюць дарогі і мястэчка.
Мы ўсе зь нецярпеньнем чакаем выхаду ў дарогу. Кожнаму сьвярбіць думка пра Кронэра. Кожны хоча як найхутчэй вырваць яго ў чэкістаў. І вырвем, хай нават зь мясам. Нават калі трэба будзе ўсё там зруйнаваць. Лепш загінуць, чым дазволіць трыюмфаваць гэтым скуралупам. Гэта ўжо ня першы такі выпадак на памежжы, і не апошні.
Надыходзіць вечар. Усё гатова да выправы. Кожны мае карабін, рэвальвэр (некаторыя па два), гранаты і мноства патронаў. Мы не ідзём падпільноўваць у кустах паскуднага камісара, каб выцягнуць гада сюды. Не ідзём забіваць з-за завугольля безабаронных. Мы, некалькі чалавек, ідзём біцца з нашмат большымі сіламі, каб толькі вырваць у гадаў іх ахвяру.
Усе сядзяць моўчкі. Кожны сур’ёзны, спакойны. Я бачу, што Болід трохі нэрвуецца. У яго заўжды дрыжыкі перад пераходам мяжы, але ён ніколі не адступае і не вагаецца. Вядзе сябе сілай волі. Гэта чамусьці вельмі мне імпануе, і я адчуваю да яго павагу. Сапраўды, няцяжка рабіць гэта ўсё, калі чалавек ня ведае страху. Значна цяжэй насуперак уласнай натуры рабіць тое, што загадвае розум.
Калі надышло сутоньне, прыйшлі праваднікі. Яны былі п’яныя. Мы далі кожнаму па нагане і па некалькі гранат. Неяк яны мне не да спадобы.
На двары ўсё больш вечарэе. Ветру няма. Вечар будзе ціхі. Неба бяз хмараў — гэта блага: цяжка будзе прайсьці незаўважанымі такой купай.
А Рысек Болід вельмі сумны. Зрэшты, ён заўжды невясёлы, задуменны. Мне падабаецца, што ён вельмі ветлівы. Я ніколі ня чуў, каб ён лаяўся. Не люблю гэтага, хоць сам пры нагодзе лаюся па-мастацку, пры гэтым так складаю словы ў сказы, ствараючы гумарыстычныя значэньні з агідным зьместам, што слухачы аж раты разараюць ад захапленьня, слухаючы, як цячэ плынь лайна, аздобленая залатой рамкай красамоўства. Чаго толькі чалавек ня зробіць для «мастацтва»! А ўмець добра лаяцца — гэта мастацтва немалое.
XII
ТАВАРЫШЫ, НАПЕРАД!
«Вядома, што толькі шаленцам
удаюцца рэчы, цалкам невыканальныя».
Уладзіслаў Станіслаў Рэймант,
«З канстытуцыйных дзён»
1
Ноч была ціхая, зорная, але ня надта сьветлая. З адлегласьці 30 крокаў цяжка было ўгледзець чалавека. Вецер сьціх зусім.
Зь пералеску на савецкім памежжы ціха краліся 8 чалавек. Пайшлі мяжой на паўднёвы ўсход. Зьлева зіхцелі агні ў вокнах дамоў вёскі Петрашэвічы.
Праз гадзіну яны выйшлі на балота. Мясцовасьць была вельмі цяжкая, але так яны абмінулі некалькі хутароў і вёсак. Ішлі адзін за адным. Праваднікі наперадзе, за імі: Кралевіч, Клядзінскі, Раман, Харэўскі, Паланеў і Болід. За паўкілямэтра ад рачулкі, што ўпадала ў Перачуту, прыпыніліся і пачалі раіцца, дзе перапраўляцца.