Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 161

Сергей Песецкий

— Няма Любы. Няма. Калі жыла, увесь час мяне злавала. А цяпер я не магу безь яе жыць. Нас зьвязала бяда. Зьвязала мацней, чым сваяцтва. Цяпер я разумею, што яна была мне вельмі патрэбная. Яна дадавала мне сілаў, разуменьне таго, што я ёй патрэбная, што яна безь мяне загіне. Тое, што яна была слабая, непрактычная, звар’яцелая, дадавала мне гарту і жаданьня жыць. А цяпер… Больш за ўсё мяне мучыць, што я не заўжды была да яе добрая. Надта часта на яе злавалася. І цяпер не магу выбачыцца. Ніхто гэтага ня верне.

Шумяць хвалі Сьвіслачы, шумяць. Былі Наташа і Люба — хвалі шумелі. Няма іх — таксама шумяць. І будуць шумець, калі і мяне ня будзе. Ці расшыфруе хто па іх, што яны чуюць, што бачаць. Для нас яны толькі шумяць. А я ў іх сьпеў чую: гэта вясёлая песенька Любы:

А дванаццатай гадзіне Я цябе чакала.

Больш ужо ня будзеш чакаць.

Шумяць хвалі Сьвіслачы. Шуміць кроў у жылах. А думкі ў мазгах. Але гэтага шуму я ня чую. Я толькі здагадваюся пра яго.

Потым я рушыў у дарогу да мяжы. Я быў стомлены доўгім падарожжам, падчас якога было не да сну. І так моцна хацелася спаць. Гублялася паняцьце пра час, і нават сьвядомасьць існаваньня ўласнага цела. Я ішоў аўтаматычна, час ад часу высілкамі волі канцэнтруючы ўвагу.

На ўскрайку лесу, побач з дарогай, што вяла з Тарасава да Старога Сяла, я ўбачыў здалёк нізка над зямлёй зарыва. Спыніўся. Доўга прыслухоўваўся. Ціша. Тады я наблізіўся да таго месца. Гэта было кінутае вогнішча, што дагарала. Людзі сышлі, мабыць, даўно, бо тлелі толькі кончыкі паленаў. Я ссунуў іх і, седзячы ля вогнішча, з асалодай убіраў у сябе яго цяпло. Мне так не хацелася ісьці ў дарогу. А сон папросту валіў на зямлю. Урэшце я ўстаў, каб ісьці далей. Але адчуў, што мне цяжка будзе дайсьці да мяжы. Трэба было альбо хоць бы трохі паспаць, альбо ўжыць какаіну. Мне хацелася какаіну, але я ўспомніў галюцынацыі ў лесе і дадзенае Клядзінскаму слова (што толькі ў крайнім выпадку) і пастанавіў трохі паспаць. Нарэзаў трохі яловых лапаў. Раскідаў вогнішча і згасіў палены, што тлелі. Потым расклаў галіны на месцы вогнішча. Я хацеў паспаць у цяпле. Зьняў шынель. Шапку паклаў зьверху, каб было відаць, што я бальшавік. Потым шчыльна накрыўся шынялём. Парабэлюм на засьцерагальніку ўставіў паміж сьцёгнаў. Падумаў яшчэ, што мяне можа нехта ўбачыць, хоць было вельмі цёмна. Ну што ж, весела пазабавіліся б.

Я паглядзеў на гадзіньнік: мінула першая. Ад нагрэтай зямлі ішло такое прыемнае цяпло. Я заснуў.

Я абудзіўся празь дзьве гадзіны ад грукату возу, што ехаў са Старога Сяла. Похапкам апрануўся. Я адчуваў, што цалкам адпачыў. Цяпер мне дакучаў толькі голад, але гэта лухта. Я хутка пайшоў далей. Яшчэ той жа ноччу пасьпеў у змроку досьвітку перайсьці мяжу. Я бачыў здалёк вялізнае вогнішча, што гарэла на краі прасекі, а ля яго трох чырвонаармейцаў з сабакам. Яны не дапускалі, што нехта можа красьціся празь мяжу ў гэты час. Нават сабака мяне не пачуў.