Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 160

Сергей Песецкий

Харэўскі пачаў гаварыць з высілкам, цяжка. Прысутных у залі людзей стала агортваць амаль агіда. Кожны, пад націскам яго словаў, ужо пачуваўся «вошшу» рэвалюцыі. Бо хіба можна было не ўсумніцца?.. А Харэўскі прамаўляў далей, холадна бліскаючы шкельцамі акуляраў. Ён коратка вымаўляў словы і зь сілай кідаў на залю сказы. Часам здавалася, што ён ня можа дыхаць, што яго расьпірае злосьць, якую ён стрымлівае сілай волі.

Раман амаль забыўся, што гэта гаворыць шпіён чужой дзяржавы, вораг бальшавікоў, яго сябар. Яму здавалася, што гэта гаворыць бальшавіцкі фанатык, зацяты, злосны, якому ўжо няма чаго губляць, які ненавідзіць усякае жывое пачуцьцё, закаханы толькі ў дактрыну, не зважаючы на тое, да чаго яна вядзе.

Харэўскі закончыў сваю прамову словамі:

— Мэта ў нас супольная. Дарога да яе адна. Мы ідзем ёю 6 гадоў і пойдзем далей. А хто ня пойдзе з намі, таго мы залічым да тых, хто ідзе супраць нас. Спагады ім ня будзе!

Ён скончыў. Ня выгукнуў воклічаў у гонар правадыроў пралетарыяту. Стаяў моўчкі і глядзеў на залю. І ўсе маўчалі. Харэўскі павярнуўся і пайшоў да выхаду са сцэны. Тады хтосьці ззаду нясьмела пляснуў у ладкі, і толькі тады ў першых шэрагах загучалі воплескі. Яны мацнелі. Ахапілі ўсю залю. Выбухнулі ўраганам. Яны гучалі не як ухваленьне, а як пратэст. А калі сьціхлі, у залі запанавала ціша. Людзі не размаўлялі, як перад тым. Не жартавалі. «Можа, і сьмех ёсьць злачынствам супраць дактрыны?»

Гадзінай пазьней Раман выйшаў на вуліцу. Далейшая хада ўрачыстасьці яго не цікавіла. Зрэшты, ён прыйшоў сюды забіць час перад ад’ездам цягніка зь Бярэзіны ў Менск. Ён убачыў перад сабой групу краскомаў. Яны ішлі ў кірунку афіцэрскіх кватэраў. Убачыў у іх суправаджэньні Харэўскага. Пайшоў за імі. Чуў ажыўленыя размовы афіцэраў і халодныя, скупыя словы сябра.

«Прыкра пачувацца „вошшу“ рэвалюцыі, — падумаў Раман. — Вельмі прыкра. А хто ж у Саветах ёю ня ёсьць? Колькі такіх знойдзецца. Бо тут, у Бабруйску, можа, толькі адзін Харэўскі — змагар за яе!»

Ён павярнуўся і скіраваўся да выхаду з крэпасьці.

ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ

Берасьце, 18 кастрычніка 1923 г.

Другі тыдзень не ўжываю какаіну. Какаінавая абстынэнцыя няцяжкая. Арганізм не пакутуе, толькі смутак загрызае. Таму п’ю да ўпаду. Мяне цешыць толькі, што галюцынацыі зьніклі.

Перад выхадам зь Менску я хацеў зайсьці ўвечары на кватэру Наташы. Зайшоў з боку саду. Фіранкі на акне не было. Пасьвяціў ліхтарыкам праз шыбу — пустыя пакоі. Тады скінуў нажом кручок форткі і адчыніў акно. Улез усярэдзіну. Сам ня ведаю, чаго я шукаў. Можа, запіску ці якісь знак. Але нічога не было. Мне зрабілася так страшна цяжка, так прыкра. Я адчуў на вачах сьлёзы. Мне здавалася, што гэта я вінаваты, што ня здолеў намовіць яе ісьці ў Польшчу. Дзе яна цяпер? Што робіць? Можа, яна галодная? Розныя думкі роіліся ў маёй галаве… Урэшце я вылез у сад, пайшоў на бераг Сьвіслачы і доўга слухаў шум хваляў. А можа, яна знайшла свой скон у гэтай халоднай плыні? Можа, пайшла за Любай? Я памятаю, што яна сказала апошнім разам: