Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 159

Сергей Песецкий

Урэшце на сцэну выйшаў сярэдняга росту, хударлявы краском. Ён быў у акулярах. Валасы былі зачасаныя на сярэдзіну галавы. Раман, убачыўшы яго, ускочыў зь месца. Ён зачапіў камрота, што сядзеў побач.

— Вы што, таварыш!

— Цікава, хто гэта такі? Выглядае, нібы з цэнтру прыехаў.

— Нейкі дэлегат. Відаць, са штабу V корпусу. Добра гаворыць. Першага траўня яго на руках вынесьлі.

Раман быў упэўнены, што гэта Харэўскі. У Зыгмунта былі іншыя, чым звычайна, рухі, выпрастаная постаць і трохі зьменены прычоскай і акулярамі твар. Але Раман не памыліўся.

Харэўскі набліжаўся да самага краю сцэны. Яго твар апынуўся ў цяні. Некалькі сэкунд ён маўчаў. Потым рухам рукі цалкам сьцішыў залю. Тады ён пачаў гаварыць, цьвёрда, коратка, але не занадта гучна.

Таварышы! Шэсьць гадоў таму на вуліцах Масквы шэсьць дзён змагаліся рабочыя за дабро пралетарыяту. Шэсьць дзён Чырвоная гвардыя гераічна білася з кадэтамі. За шэсьць дзён утварылася ядро цяперашняй магутнай Чырвонай Арміі, якая пільна стаіць на варце рэвалюцыі. Я хачу вам сказаць, што мы здабылі за гэтыя 6 гадоў, якія мінулі пасьля тых вялікіх шасьці дзён.

Перадусім нагадаю вам словы Леніна: «Товариши, все внимание этому вопросу. Или вши победят социализм, или социализм победит вшей!». Вось жа, таварышы, тыя вошы, якія пілі кроў рабочага перад рэвалюцыяй, былі зьнішчаныя. Тых вошай, якія падчас грамадзянскай вайны пілі нашу кроў у нас у краіне, мы раздушылі дашчэнту. Тыя вошы, якія замахваліся на нашую свабоду звонку, былі выкінутыя. А тыя вошы, якія цяпер хаваюцца наўкола Савецкага Саюзу, для нас ня страшныя, бо мы маем магутную армію, вялікую ідэю, вялікіх правадыроў пралетарыяту і незалежны саюз рэспублік, у якім мы шэсьць гадоў закладаем фундамэнт для будучага камунізму.

За гэтыя шэсьць гадоў мы ўступілі ў другую фазу рэвалюцыі, якую прадбачыў Ленін у сваім выдатным творы «Дзяржава і рэвалюцыя», і неўзабаве надыдзе той час, калі мы ўступім у трэцюю фазу, якая стане канчатковай перамогай пралетарыяту і ажыцьцяўленьнем усіх палажэньняў камунізму.

У Савецкім Саюзе ёсьць шмат людзей, якія непрыхільна ставяцца да нашай працы, якія сваёй пасіўнасьцю зьнеахвочваюць іншых, якія губляюць веру ў перамогу камунізму, бо бачаць дробныя няўдачы і перабольшваюць іх. Есьць такія людзі нават у шэрагах Чырвонай Арміі. Есьць! Але няхай сьцерагуцца, каб іх не прызналі шкоднымі для рэвалюцыі вошамі!

Голас Харэўскага мацнеў, гучаў рэзка, сталёва. У ім было чуваць выклік і пагрозу.

Мы зь нічога стварылі дзяржаву, у якой пралетарыят сам вызначае свой лёс. Мы будуем новыя гарады, фабрыкі, чыгункі, будуем будучыню Савецкага Саюзу, і гора таму, хто стане нам на перашкодзе, хто халатнасьцю ці абыякавасьцю паўстрымае наш марш! Я шмат разоў чуў нараканьні на розныя недахопы, пазбыцца якіх пакуль нельга, бо мы ідзём да вялікіх мэтаў. Мяне гэта зьдзіўляе. Няўжо ім не дастаткова самога гонару належаць да народаў, якія змагаюцца за тое, каб Саюз існаваў? Няўжо яны такія слабыя, малыя, што заўважаюць толькі дробязі, а вялікіх мэтаў ня бачаць!.. Хто гэтыя людзі? Ці бачым мы іх у шэрагах тых, хто змагаецца за будучыню Саюзу? Не. Гэта марыянэткі буржуазіі, якія спрабуюць унесьці замятню ў нашу працу. Гэта і ёсьць тыя контрарэвалюцыянэры, якіх мы ўжо шэсьць гадоў выкараняем і будзем бязьлітасна выкараняць надалей. Гэта і ёсьць вошы рэвалюцыі, молі рэвалюцыі, іржа на здаровым целе пралетарыяту!