Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 158
Сергей Песецкий
— Ня ведаю!
— Ох, які ж ты смаркач! Сорам! Вазьмі сябе за морду і скажы: слухай, Ромка, плюнь на ўсё і пакажы, што ты здольны глядзець жыцьцю ў вочы! Ну?
— Добра. Пастараюся. Сам ня буду ўжываць зусім. Хіба зь якой асаблівай нагоды. Вельмі важнай.
— Добра. Давай руку, — весела сказаў Клядзінскі.
Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі, а потым рушылі палямі ў кірунку Менску, над якім, у глыбіні восеньскай ночы, пералівалася бледна-жоўтае зарыва.
З
Раман сядзеў у крэсьле ў адным з найбліжэйшых радоў тэатру Дывізійнай школы 8-й пяхотнай дывізіі. Фронт залі напаўнялі краскомы, іх сем’і і запрошаныя госьці. Далей шарэла маса чырвонаармейцаў. Паўсюль чуліся размовы. Некаторыя абменьваліся словамі цераз колькі радоў.
Гэта была ўрачыстасьць у гонар шостай гадавіны існаваньня бальшавіцкай улады і кастрычніцкай рэвалюцыі.
Урачыстасьць адкрыў нейкі камбат. Ён сказаў квяцістую прамову пра значэньне кастрычніцкай рэвалюцыі. Загучалі воплескі, аркестар зайграў «Інтэрнацыянал». Потым на сцэну выйшла ўбраная ў чырвонае дзяўчына і з прыгожай дыкцыяй, з сапраўдным запалам чытала вершы Маякоўскага. Яна здабыла шматлікія воклічы «брава» і зноў нешта дэкламавала. Потым чырвонаармеец, у поўным узбраенні, пад прыцішанае тарахценьне барабана з-за сцэны дэклямаваў урыўкі з баляды Блока «Дванаццаць». Потым прамаўлялі колькі краскомаў, якія мімаходзь гаварылі на розныя тэмы. Потым выйшаў цывільны — добры прамоўца — і прыгожа апавядаў пра заслугі правадыроў рэвалюцыі і пра ролю, якую адыграла Чырвоная Армія ў гады ваеннага камунізму.