Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 157

Сергей Песецкий

Клядзінскі доўга прыслухоўваўся, потым, зьдзіўлены, паглядзеў на таварыша і сказаў:

— Падалося табе. Гэта проста вецер.

— Але яны тут!.. Я чуў і бачыў.

— Не гавары абы-чаго.

Раман, раздражнёны, падхапіўся на ногі.

— Зараз убачыш!

Клядзінскі, перакананы яго пэўнасьцю, сказаў:

— Тады чакай!

Але Раман, выцягваючы чаку ў гранаце і зьлёгку прыхінаючыся, рушыў да кустоў. Пальцам правай рукі ён намацваў курок пісталета.

Там, дзе імгненьне таму назад чуліся шоргаты, ён нікога не знайшоў. Ён пачаў хутка апісваць кола вакол вогнішча, павялічваючы яго прамень. Ён ішоў усё хутчэй. На яго лбе быў пот, у роце і горле было суха, сэрца білася няроўна, хапатліва, дыханьне перарывалася.

Нікога.

Пахмурны, ацяжэлы, ён вярнуўся да вогнішча і моўчкі сеў. Абапёрся сьпінай аб камель дуба і панура глядзеў на сьціснуты ў руцэ пісталет. Ён яго зусім ня бачыў.

Клядзінскі колькі разоў зірнуў на яго скоса. Ён зразумеў, што сталася, і засмуціўся. Пачаў чысьціць вопратку і боты.

— Пойдзем? — спытаў ён праз імгненьне.

Раман вярнуў чаку ў гранату, сунуў яе за рэмень і пайшоў наперад. Ён знайшоў шырокую сьцежку і скіраваўся ёю на ўсход. Яе зацяняў зарасьнік ляшчыны. Яна ўтварала цёмны тунэль, што бег удалеч. Раман ішоў усё хутчэй. Клядзінскі пасьпяваў за ім моўчкі. «Што яго так гоніць?.. А, няхай!»

Раман ішоў усё хутчэй. Яго лоб быў мокры ад поту, далоні вільготныя. Раптам за 10 крокаў перад сабой ён выразна ўбачыў двух людзей у чорнай скураной уніформе. На іх галовах былі скураныя шапкі з чырвонымі зорачкамі. Адзін зь іх узьнімаў наган, другі хапатліва расшпільваў футарал на рэмені. Раман адразу пачаў страляць — па два разы ў кожнага — і адначасова пабег наперад… Спыніўся, разгублены, і бездапаможна апусьціў рукі. Нікога не было… Клядзінскі спыніўся ля яго. Імгненьне ён маўчаў, а потым сказаў сумна:

— Такія вось справы… Што зробіш, ідзём далей.

Ён першы пайшоў наперад.

За паўгадзіны яны апынуліся на ўскрайку лесу. Прыселі на пяньках. Пасьля кароткага маўчаньня Клядзінскі пачаў гаварыць ціха, паважна:

— Такая рэч, Раман. Мне 36 гадоў, а табе 24. Ты малады, гарачы. А я халоднай загартоўкі. Мяне жыцьцё гартавала на 10 кавадлах 50 молатамі. Я ўсё прайшоў. Сам ведаеш. Кідала мяне жыцьцё, як мячык. Біла ў твар, плявала ў вочы. Ня раз я губляў усё, што было найдаражэйшага, а ўсё ж не зламаўся. Заўжды сьціскаў зубы і казаў жыцьцю: не. Мяне не сагнеш! Ня дамся!.. І зноў караскаўся наверх… Вер мне: усё мінае! Усё сьціраецца! Што сёньня зьзяе ў нашых вачах, як сонца, заўтра стае парахнёй. І жанчыны, і багацьце, і гонар — гэта ўсё лухта. Адзіны сэнс — уласны гарт. Адзіная вартасьць — бескарысьлівая дружба… Памятай, што ня варта ні за што труціць сабе душу… Ня трэба нічым захапляцца, ні дзеля чога ўпадаць у роспач. Трэба жыць, і ўсё. Хлусяць табе — добра… Здраджваюць — добра… Ашукваюць — добра. Толькі заўжды наперад трэба ведаць, што так і павінна быць. Тады можна з гэтага сьмяяцца… А ты ўва што замяніўся? Ня можаш жыцьцю ў вочы паглядзець. Ты ж герой, а ўцякаеш ад жыцьця, як баязьлівец. Ты сам ня ведаеш, чаго варты. І таму не шануеш сябе! А павінен шанаваць. Ці шмат нас такіх ёсьць? Ходзім, як д’яблы, крывёй нас апырскваюць, кулямі асыпаюць, па-за правам і жыцьцём. Прадзіраемся праз усякія межы. Ідзём у поўнай адзіноце ў лягер ворага, глядзім яму ў вочы, вырываем таямніцы! Хіба гэта не прыгожа? Хто мае пра гэта паняцьце? Адна ноч вялікай прыгоды дае больш зьместу, чым цэлае жыцьцё на запечку! Ці можна на гэта забывацца толькі таму, што здарылася нейкая жыцьцёвая няўдача? Усе жанчыны аднолькавыя. Неба ніводная ня дасьць. Бяры, якую трапіцца, і ідзі далей. А тое — не для цябе. Хай далікатнічаюць і вочы закатваюць маляваныя дагледжаныя лялькі. Ты створаны для барацьбы. Цябе чакаюць ня ночы ў цеплыні пад пярынай, а ночы пад зорамі, побач зь вернымі сябрамі, адно простае слова якіх мае больш вагі і сілы, чым тысячы пустаслоўных вечароў тых гусяў і гусакоў. Не гаруй празь дзяўчыну. Ня труць сябе. Ты б хутка пераканаўся, што нічога добрага яна б табе не дала… Я таксама часам ужываю какаін. Але так сабе — для спорту. І ў мяне нэрвы, як павуціньне: кніжка ўпадзе — уверх падкідаюся. Але не тручу сябе. Бо нічога тут добрага — такі псыхічны ананізм… Ты шукаеш у какаіне ўцёкаў ад жыцьця. Ня трэба — і так доўга жыць ня будзеш. Але жыві весела, з трэскам… Ты павінен паабяцаць мне, што кінеш какаін. Павінен! Бо калі не, то — даю табе слова — я скажу шэфу, што ты душэўна хворы і залежны ад какаіну. У такім стане нельга працаваць. Я сам пастараюся запраторыць цябе ў нейкую лякарню. Я ведаю, што час цябе лёгка вылечыць. Пі, забаўляйся і кінь гэта. Табе какаін зусім не на карысьць. З Харэўскім такія рэчы не здараюцца, хоць ён стары какаініст. А ты… Ну, кінеш?