Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 156

Сергей Песецкий

Ён зноў ужыў какаін.

Убачыў дзятліка на камлі сасны. Ён быў далёка, але раптам аказаўся проста перад вачыма і пачаў круціцца, нібы прыбіты да цыфэрбляту. Раман патануў паглядам у пышнасьці яго колераў. Кожнае пёрка, кожная яго драбніца набывалі незвычайную выразнасьць і моц. Колеры пераліваліся, колеры жылі.

Птушка паляцела. Забрала з сабой цудоўную прыгажосьць. Але яе было досыць наўкола. І зрэнкі пашыраліся захапленьнем, і горла сьціскалася ад узрушэньня, а ў роце было суха.

…Ліза мяне кахае… Я ведаю… Яе вочы не хлусілі. Гэтыя боскія выгіны вуснаў… Пайду і скажу ёй усё… Яна сама сябе ня ведае… Ты адзіная ў сьвеце… Твая душа жыве паўсюль… І ўва мне таксама… Дык дай мне руку, і пойдзем… Я пакажу табе сьвет… А ты мне пакажаш яго прыгажосьць…

Ён пачаў сьмяяцца. Міналі хвіліны. Ён адчуў непакой, патрэбу дзеяньня. Думкі блыталіся, сьціраліся, ламаліся, напаўзалі адна адна адну, утваралі хаос паняцьцяў.

…А дванаццатай гадзіне… дам табе папяросу… цэлага сьвету… і фатаграфічны апарат… ага, ты курыш… і такая бедная… гэтая брудная кашуля… у нас скажуць акцыянернае таварыства… а акумулятары так сычаць… як зьмеі… не, гэта вэнтылятар трушчыць камуну… жарэ кветкі рэвалюцыі… і амэрыканская брытва… Тамара зусім ня бедная… яна ж бачыла «Казьбек»… і мае гітару… вецер адляціць, і палітрук Савеня таксама… тады расклад паплыве… а Паўлуша застанецца са шпалерамі… стане народным камісарам і будзе вырабляць цукеркі для буржуазіі…

Ён паправіў на сабе вопратку. Зашпіліў гузікі. Зьняў з засьцерагальніка рэвальвэр. Устаў і агледзеўся наўкола. Зноў сеў. Яму цяжка было заставацца бязьдзейным.

Ён зноў ужыў какаін. І зноў распачаліся дзіўныя трызьненьні. Міналі хвіліны. Па лесе паўзьлі шэрыя цені. Дрэвы і кусты хмурнелі. Неба пачало зьніжацца да зямлі і набываць сьвінцовы колер і цяжар.

Даўно ўжо мінулі дзьве гадзіны, але Раман не будзіў Клядзінскага. Ці існаваў для яго час? Занураны ў веліч хараства прыроды, у гейзэрах іскраў думкі, ён забыўся пра ўсё.

З надыходам змроку Рамана пачала ахопліваць апатыя. У яго быў пры сабе цудоўны сродак уцёкаў ад рэчаіснасьці, але ён забыўся пра яго. У пэўны момант ён выразна пачуў, што за некалькі дзясяткаў ад яго трэснула галінка пад нагамі чалавека. Ён хутка абярнуўся. Зьняў з засьцерагальніка рэвальвэр. Пачуў шоргат за доўгім паўколам ляшчыны, якое атачала іх схоў.

Тады ён хапатліва абудзіў Клядзінскага. Паклаў палец на вусны і паказаў руляй пісталета ў бок кустоў. Таварыш схапіўся за зброю. Раман похапкам сабраў паперы і ўціснуў іх у попел вогнішча. Белы колер далёка відаць! Абцёр далоньню пот з твару.

Клядзінскі, стаіўшыся, як да скачка, уважліва прыслухоўваўся. Раман паказваў яму руляй кірунак шуму. «Заходзяць справа». Раптам ён убачыў чырвонаармейца, што прабягаў у прагале паміж кустамі. Ён выразна бачыў будзёнаўку на яго галаве, шынель, рэмень, вінтоўку.

— О! — сказаў шэптам Раман і зьнерухомеў.