Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 155

Сергей Песецкий

Раман, зьдзіўлены, глядзеў яму ў твар. Так дзіўна разьбягаліся форма, зьмест і тон мовы. Урэшце ён сказаў:

— Страшнае глупства ты кажаш! Як ты можаш так казаць? На гэта ж няма ніякай рады! А ты мне такія рэчы…

Болек узяў яго за руку. Яму здавалася, што ён мімаволі пакрыўдзіў таварыша, і ён ня ведаў, як гэта паправіць.

— Прабач, Ромка. Я не хацеў цябе зачапіць. А казаў так проста, для спорту. У мяне ж маці была, і я вельмі любіў, і Баська ёсьць — яе таксама люблю. Так што я так ня думаю. А пра тую дзеўку расказаў, каб цябе разьвесяліць. Але не ўдалося.

Таварышы сышлі ў яр. Напіліся з ручая халоднай вады і закурылі папяросы. Потым рушылі далей. Клядзінскі ішоў першы, Раман, задуменны, брыў за ім, амаль не зьвяртаючы ўвагі на навакольле.

2

Яны пастанавілі ўдзень перачакаць у лесе, паспаць, а вечарам ісьці ў Менск.

Месца было зручнае. Вёска далёка. На палёх пуста. Па лясох ніхто не цягаўся. Яны расклалі вогнішча ля падножжа старога дуба. У выпадку непагоды ён мог затуліць іх ад дажджу.

Клядзінскі сказаў, што пойдзе шукаць у полі бульбу. Яго доўга не было, а калі ён вярнуўся, прынёс у крысах шынеля досыць шмат бульбы і адзін вялікі чырвоны бурак.

— Абед у натуры, — жартаваў ён. — Па-савецку: бураком у зубы, сольлю ў вочы, вады ў морду і паленам пад зад.

— Далёка хадзіў?

— Аж пад вёску.

Таварышы запяклі бульбу. Трохі прагналі голад. Халодны вецер гуляў па лесе. А дзясятай гадзіне Раман паклаўся спаць, а Клядзінскі застаўся на варце. Пастанавілі спаць па чарзе па дзьве гадзіны.

Чацьвёртую зьмену — ад трэцяй да пятай — меў Раман. Ён пачысьціў вопратку і зброю. Памыў у блізкай калюзе твар і рукі. Потым сеў ля вогнішча, якое слаба тлела. Яму было вельмі сумна. Надвор’е таксама настройвала на пануры лад. Брудныя шэрыя хмары імчалі па небе. Вецер зрываў з дрэваў мокрае лісьце і зацята гнаў яго ўдалечыню. Туга сачылася зь неба на зямлю.

Раман выняў з кішэні парашок какаіну. Разгарнуў. Потым адарваў муштук папяросы і, устаўляючы яго глыбока ў ноздры (каб не марнаваць какаіну), ужыў высыпаны на далонь парашок. Праз імгненьне прыемны халадок агарнуў верхнюю частку носа, а ў горле зьявіўся гаркавата-салодкі смак, які цяжка апісаць. Колькі разоў ён глыбока ўцягнуў у грудзі паветра, і неўзабаве сьвет зьмяніўся. Яму было лёгка і весела. Думкі каляровымі каскадамі шумелі ў мазгах. Часам, як ракеты, узьляталі ўгару неспадзяваныя, дзіўныя назіраньні і высновы. Тады на вуснах зьяўлялася ўсьмешка. Прымружаныя вочы бачылі наўкола толькі прыгажосьць. Кожная дробязь набывала колеры і значэньне. Кожнае пытаньне было простае і лёгка разьвязвалася. А жыцьцё такое мілае, бесклапотнае.

…Вецер зусім ня мёртвы… Як па-мастацкі ён расстаўляе аблокі!.. І што за адценьні колераў!.. А адкуль шугаюць гэтыя іскры? Цудоўна… Гэта кітайскія шырмы… О, сонца ўдарыла промнем у адтуліну неба… Выкінула камандорскі сьцяг… Малюе хмары ружовым бліскам… Фэерыя… А гэтыя іскры… Шугаюць жа… Якія марнатраўныя… Прыўкрасны набаб… Ты сьпіш, Болек… Ведаю, што табе сьніцца… Твая сібірская вёска, аточаная смарагдамі лугоў… Ты, як дзіця… І навошта ты сьціскаеш кулакі? Але ўсё будзе добра… Пераканаешся. А Марозаў паедзе ў Маскву… І я сам паеду… Загад 33 будзе мой… І шмат іншых… Увогуле ўсё…