Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 154
Сергей Песецкий
Але той, хто ня любіць лесу, гэтага ня ўбачыць. Дрэвы не пакажуць яму сваёй душы. Такі чалавек будзе чуць наўкола енкі, пагрозы, скрыгат і рык дзікіх зьвяроў. Белая бярозка — гэта здань, што крадзецца да яго. Сьветлячкі ў кустах — вочы прагных крыві вупыроў. Храбустаньне галін — гэта прадзіраюцца праз гушчар дзікія страшыдлы. Крыкі птушак — стогны катаваных. Шэпты лістоты — змова забойцаў. Вываратні — пачвары, што паўзуць да яго… Лес шчодры, добры і шчыры толькі для сяброў.
У лесе ўночы не гавораць пустога. На ўлоньні прыроды чалавек робіцца сабой і адкідае пустку жыцьця. Там альбо гавораць словы, што ідуць ад сэрца, альбо маўчаць. Бо што ж скажа сапраўды важнага поўны фальшу, атручаны чалавек побач з тым, што кажа простая, шчырая, не сапсаваная прырода. І таварышы доўга маўчалі. Думалі шмат пра што. У пэўны момант Клядзінскі азваўся ціха, голасам, якога Раман у яго яшчэ ня чуў. Словы былі марныя. Як звычайна, замаскаваныя блазнаваньнем, але зьмест, што цёк іх блытаным рэчышчам, быў найлепшы: жаданьне вырваць сябра зь бяды.
— Слухай, браце… Ты, гэта… Задурыўся ў яе, як сабака ў месяц… Я бачу, але што мне да таго… Толькі разумееш: прыкра… Вось таму і кажу табе: ты плюнь!.. Я таксама калісьці гэтак жа ў адну закахаўся. Думаў: цуд. Узяў у рукі, панюхаў: лайно. А яна морду аж пад столь задзірае… Дык я ёй элегантна так тлумачу: даражэнькая мая, ня думай, што ты такі вялікі скарб маеш! А калі ты так думаеш, то нашмаруй вазэлінам, каб іржа ня зжэрла, пасып нафталінам, каб моль не паела, і схавай у скрынку ад капелюша. А я, калі захачу, дык і пятнацацігадовую сабе знайду! Мае найніжэйшыя паклоны, прашу кланяцца татулю і мамулі, і канец!.. Балела мне спачатку. Але думаю сабе: не дачакаешся, каб я, Болек Клядзінскі, дзеля нейкай там бабішчы галаву сабе сушыў. Цьху!.. Ты ведаеш, як тое, за што мы, мужчыны, прападаем, выглядае? Я раз, п’яны, як паглядзеў, дык званітаваў. Плюнь, кажу табе!