Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 153

Сергей Песецкий

У гэты момант Раман убачыў абрысы ўзброеных чырвонаармейцаў, якія вынырнулі на ўскрайку яру. Ён некалькі разоў стрэліў у іх. Салдаты адступілі. Тады ён выцягнуў руку да Клядзінскага, які ляжаў на вяршыні валу, і зь яго дапамогай пачаў караскацца ўгару. Абодва ледзьве не зваліліся. А ўверсе грымелі стрэлы.

— Во паскудзтва! — сказаў Клядзінскі. — Цяпер і на другім адцінку будзе трывога.

Далей дно яру было роўнае, а рачулка вузкая. Таму тут і склалі ламачча, каб абцяжарыць пераправу кантрабандыстам, якіх магла спакусіць зручнасьць мясцовасьці на гэтым адцінку.

Пад гукі стрэлаў таварышы забеглі ў лес. Яны стараліся ісьці там, дзе дрэвы расьлі густа. Але месячныя косы прабіваліся паўсюль, і іх было добра відаць здалёк. Колькі разоў яны зьмянялі кірунак, але ад пагоні не адарваліся. Салдаты ішлі за імі і раз-пораз стралялі.

Неўзабаве таварышы выйшлі на край лесу. Яны апынуліся на парослым кустамі стромым адхоне, які спаўзаў на поплаў. Далей серабрылася вузкая стужка ракі, а за ёй віднеў лес. Трэба было абавязкова перабрацца цераз гэтую адкрытую прастору. Яны доўга стаялі нерухома.

Раптам паблізу іх унізе, за купай маладых елак, пачуўся нейкі шоргат.

— Кавалерысты, — шапнуў Клядзінскі. — Засада.

Нельга было губляць часу, бо пагоня набліжалася. Раман выцягнуў чаку з гранаты. Патрымаў гранату ў руцэ тры сэкунды і кінуў у той ельнік. Яна выбухнула ў паветры. Гук паплыў па лузе і адбіўся ў навакольных лясох. Па адкрытай прасторы ў кірунку тракту скакалі два вершнікі. Адзін конь, пераляканы, імчаў усьляпую — проста на дрэвы і роў, што аддзялялі тракт ад лугу.

— Блага лучыў, — сказаў Раман.

— Добра і гэтак.

Таварышы выскачылі на поплаў і пабеглі да ракі. У гэтым месцы яна была вузкая, таму броду яны не шукалі. Скочылі ў ваду і перабраліся на другі бераг. Пабеглі да лесу. Яны ўсё яшчэ чакалі, што іх будуць абстрэльваць на раўніне. Аднак ніводнага стрэлу не было. Толькі з тракту даляталі вокрыкі. Можа, салдаты, што гналіся за імі ад мяжы, адцягнутыя шумам, які парабілі кавалерысты, збочылі ў тым кірунку.

Таварышы пайшлі далей лесам, не набліжаючыся да тракту. Але стараліся не адыходзіць задалёка, каб ня страціць кірунку дарогі. Праз чвэрць гадзіны здалёк пачулася цоканьне. Яны спыніліся.

Трактам імчала ўгалёп група вершнікаў.

— А-та-та-та-та! Злавіце! — сказаў Клядзінскі.

— Каторая гадзіна? — спытаў яго Раман, які разьбіў свой гадзіньнік у яры.

Клядзінскі глянуў уверх на месяц і сказаў:

— Без 13 хвілін трэцяя.

— Сур’ёзна?

— Ну так.

Ён выняў гадзіньнік і паказаў таварышу. Была сапраўды без 13 хвілін трэцяя. Раман зьдзівіўся:

— Ты сапраўды па месяцы даведаўся?

Клядзінскі расьсьмяяўся.

— Калі праехалі кавалерысты, я зірнуў на гадзіньнік. Была без 15 хвілін трэцяя. А калі ты спытаўся, мінула з таго часу пара хвілін. Зь месяцам, гэта я для сьмеху…

Яны пайшлі глыбей у лес і прыселі, каб адпачыць, на стромым краі лагчыны. Гліністая строма з другога боку крывава зіхацела, купаючыся ў месячным праменьні. А ўнізе ціхенька зьвінеў па камянёх ручай.

Лес у месячныя ночы дзіўны. Дрэвы стаяць лёгкія, жывыя. Камлі серабрацца і незвычайна пераліваюцца. Часам кара проста блішчыць, а лісьце ўтварае фантастычныя гірлянды. Кожная дробязь набывае зьмест. Карані пульсуюць сокам. І чуваць подых зямлі, засланай дыванамі шматкаляровых імхоў. А калі ёсьць вецер, то ўсё абуджаецца з дрымоты і пачынае сапраўды жыць. Верхам ляціць бурчаньне старых елак. Унізе кустоўе дурасьліва абдымаецца й хіхікае. Часам кусты абступяць замшэлы камель дрэва і ў яго гонар водзяць карагоды, згінаючыся ў танцы аж да зямлі. Там какетуе самотная бярозка, расчэсвае ветрам буйныя кучары. Далей клён гуляецца, як шкаляр, хапаючы ў двухкаляровыя пяціпальцыя далоні срэбра, што залівае лес. Далей радок елак — цёмных, накрытых капюшонамі, нібы манашкі — махаючы рукамі, трушком кіруюцца ўглыб бліскучага ляснога нэфа. Дзіўны выварацень, як штукар, пацяшае растапыранымі пальцамі і выгнутымі рукамі групу сьціпленькіх альшынак, што дрыжаць ад узрушэньня. Шэпты, хіхіканьне, шолахі, уздыхі, сьмешкі кружляюць у паветры… Дрэвы жывуць. Дрэвы размаўляюць. Дрэвы плачуць, скардзяцца ці цешацца.