Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 152

Сергей Песецкий

Пішу, пішу, і каму гэта прыдасца? А можа?

А дванаццатай гадзіне Я цябе чакала.

Гэта цяпер мая ўлюбёная песьня.

XI

КАСТРЫЧНІК

«Это изумительная страна!

Наконец-то я нашел нечто

достойное виа Паскудини,

но куда мягче и удобней!..»

Илья Эренбург,

«Необычайные похождения Хулио Хуренито»

1

Хмары ня ведалі, куды ўцякаць. Вецер біў з усіх бакоў. Урэшце ветру надакучыла ганяць хмары, і яны павісьлі нерухома. Ён уварваўся ў мястэчка. Ударыў па стрэхах хатаў, як па клявішах фартэпіяна: узяў дзікі акорд… Збочыў у лес. Нібы правёў рукой па шчотцы. Сагнуў дрэвы, прыціснуў да зямлі кустоўе. Адпусьціў. Сьвіснуў працягла і зноў скочыў угару. Раскідаў хмары на ўсе бакі, а праз імгненьне пачаў зганяць іх у кучу. Зьбіў у адну масу, залятаючы то справа, то зьлева, пагнаў іх на ўсход. Яны ледзь пасьпелі трохі пырснуць на зямлю… Тады з-за памежнага слупа вылез заспаны месяц, нібыта толькі што абудзіўся і, раззлаваны, хацеў паглядзець: што за прыхадзень нарабіў столькі шуму… А грымоты адплывалі ўдалечыню.

Раман і Клядзінскі сядзелі на заставе і рыхтаваліся ў дарогу. Клядзінскі зірнуў у акно і сказаў:

— Люблю такія скокі-ўбокі. Прырода бурчыць. Злараднічае. І кажа табе: «Глядзі, бутуз, не задзірай носу!»

Ён праверыў наган і быў гатовы ў дарогу.

Раман загортваў у тонкую жаночую хустку магазіны да парабэлюма. Ён рабіў гэта так, каб яны ўклаліся лесьвічкай. Так можна было, страляючы правай рукой зь пісталета, левай вымаць з кішэні адзін за адным запасныя магазіны. Чатыры гранаты ён уціснуў за рэмень. Потым праверыў ліхтарык, компас і іншыя рэчы, якія браў у дарогу.

На мяжу яны прыйшлі позна, бо ўсё спадзяваліся, што хмары зацягнуць неба, але вецер іх разагнаў. Было зусім ясна. Хацелі былі ісьці полем, але так іх было б занадта здалёк відаць. Таму яны непрыкметнымі сьцежкамі пайшлі ўздоўж мяжы да лесу. Спыніліся на краі ўзьлеску на польскім баку. Прасека была шырокая. Промні месяца запаўнялі яе па берагі, і яна серабрылася далёка ўправа і ўлева.

Таварышы доўга назіралі за процілеглым бокам лесу. Але нічога там не было відаць, лес стаяў цёмны і поўны руху. Вецер гуў у вершалінах дрэў.

— Рушым? — спытаў Клядзінскі.

— Давай.

Ліхтары былі непатрэбныя, таму Раман узяў у адну руку гранату з устаўленай чакой, а ў другую пісталет. Клядзінскі заткнуў за рэмень крыса шыняля і выняў з похвы наган. Яны шпарка пайшлі ў абраным кірунку, наўскос перацінаючы прасеку.

Калі яны былі ўжо блізка да яру, на дне і схілах якога расьлі вялізныя дрэвы, з правага боку загучалі стрэлы. Яны скочылі наперад і пачалі сьпехам спускацца ўніз. Яны трапілі ў нязручнае месца, бо дарогу ім загарадзіў вялізны вал ламачча. Яны пайшлі ўскрай яго, але ён узьнімаўся ўгару. Тады Клядзінскі пачаў караскацца наверх. Сухое ламачча трашчала і асоўвалася ўніз. Тым часам Раман глядзеў угару, у кірунку краю яру. У яго было ўражаньне, нібы глядзіць з дна ракі на паверхню.

— Ідзі сюды, — сказаў Клядзінскі, які здолеў ускараскацца на вяршыню валу.