Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 150
Сергей Песецкий
— Абрыдла ўжо ваша плявузганьне. Увесь час адно і тое ж перажоўваеш. Я ўжо гэтага абслухаўся. Расказвай тым, хто пра гэта ня ведае. А мы і так добра ўсё разумеем. Ванітаваць хочацца ад гэтай балбатні. А камуна, а камісары, а чаразвычайка! Потым зноў: а буржуазія, а крывапіўцы, а пралетарыят, а капіталісты!.. Ты ж ведаеш, як мы жывём: гуляем з д’яблам у карты, са сьмерцю ў шашкі. Трэба і адпачыць, перадыхнуць. Давай лепей гарэлку піць, сьпяваць, ці хадзем на прагулянку.
Палкоўнік хацеў завесьці нас да Алеўскіх. Але я рашуча адмовіўся. Калі чалавеку ўвесь час даводзіцца маскавацца, нэрвавацца, то сапраўды прыкра размаўляць з добрымі, мілымі людзьмі. Цяжка пазбыцца агрэсіўнасьці. Я ўвесь час баюся, што вырвецца якое рэзкае слова ці фраза.
Валасы ў мяне ўжо адрасьлі. Паявіліся вусікі. Мяркую, ува мне нялёгка распазнаць былога тэхніка Паўла Смоліна. Мабыць, мяне расшукваюць пасьля таго, што я ўчыніў у акумулятарнай.
Я часта ўжываю какаін. Звычайна маю ладны яго запас пры сабе. Я раблю, як Харэўскі, парашкі і нашу іх у адной кішэньцы. Часам пад узьдзеяньнем какаіну ў мяне бываюць відзежы, а бываюць і без наркотыку. Нядаўна я бачыў Лізку. Раптам абудзіўся ўночы. На століку гарэла лямпа. Я паглядзеў у бок умывальніка і ўбачыў Лізку. Яна стаяла бокам да мяне і расчэсвала валасы. Я рэзка варухнуўся. Яна азірнулася на мяне. Я ўбачыў заплаканы твар і сумныя вочы. Раптам яна зьнікла. Потым я аніяк ня мог заснуць. Другі раз гэта здарылася ўвечары. Я адчуў, што ў пакоі хтосьці ёсьць. Я паглядзеў улева і ўбачыў чалавека, што сядзеў на крэсьле. Ён быў прыгожа адзеты, на галаве ў яго быў кацялок. Але твар выглядаў жахліва. Без вачэй, вуснаў, носа і броваў. Нібы вылеплены зь цеста. Ён паволі схіляўся і зьнікаў у цені, што падаў ад стала. Той жа ночы я бачыў зялёны дождж. Ён выразна сек паветра і набліжаўся да ложка. Ілюзія была такой моцнай, што я нават падцягнуў коўдру, каб дождж яе не замачыў. У апошнюю ноч з ложка пачало вылазіць мноства маленькіх баговак. Неўзабаве ўся пасьцель была чырвоная ад іх. Я пачаў страсаць іх на падлогу… Ружовы слон таксама часта прыходзіць. Але да яго я прызвычаіўся. Лепш бачыць слана, чым нейкіх пачвараў. Толькі гэты незвычайны колер і малы рост… Аднаго разу я падумаў: а можа, усё гэта сапраўды існуе, проста мы звычайным зрокам ня можам гэтага ўбачыць?
Мяне ўсё больш цягне да самагубства. Жыцьцё губляе ўсякую вартасьць. У гэтым сапраўды няма сэнсу. І ня толькі маё жыцьцё, а ўвогуле кожнае. Каб жа гэта было хоць доўгатрывалае… Чаму ў мяне не трапляюць бальшавіцкія кулі? Альбо нюхаюць, альбо ліжуць, і толькі дзьве ўджалілі. Калі б я не авалодваў сабой сілаю волі, не пераконваў сябе, што гэта слабасьць, то даўно ўставіў бы парабэлюм у рот. Адна сэкунда — і спакой назаўжды. Я ж сапраўды хадзячы труп. Я ўжо нічога ад жыцьця не чакаю… Я знайшоў каханьне, сапраўды кахаў, прывязаўся да гэтага пачуцьця, думаў: яно дае мне сілу і жаданьне жыць, і гэта ляснула… Я дакладна ведаю, што ніколі так не пакахаю, бо толькі цяпер усьведамляю, якое вялікае значэньне для мяне мела Ліза. Яе жыцьцё і шчасьце стварылі б мне новыя мэты… Асабліва мяне ўзрушае тое, што я прачытаў у яе дзёньніку. Тыя крыўды і пакуты, што яна зазнала, зрабілі яе яшчэ даражэйшай мне. Такое любае, дурненькае, зблажэлае дзіця, якое заблукала сярод халодных, эгаістычных людзей. І чаму так усё скончылася? Кожная яе ўсьмешка была для мяне шчасьцем, бо я ведаў, што ёй добра. А цяпер яна можа дастацца нейкаму нягодніку, які ня здолее зразумець яе памылак, якому яна хутка абрыдне і які будзе зьдзекавацца зь яе, не разумеючы, якім скарбам валодае! Ох, калі б ня той апошні сказ! Навошта яна гэта напісала? Навошта так мяне пакрыўдзіла? Як гэта балюча! І я ня ведаю, што мне можа памагчы: гарэлка, ці какаін, ці прыгоды?.. Безумоўна, сьмерць. Але дзе яна? Косіць тых, хто жыць хоча. А на жывыя трупы ўвагі не зьвяртае. Харэўскі ж таксама не павінен жыць. Ён ня кажа міне пра свае пакуты, але я добра разумею, як яму цяжка… Колькі разоў я клаўся ў ложак, думаючы: каб так заснуць і не абудзіцца! Але я зноў абуджаўся і мне даводзілася жыць з пачварамі, зь людзьмі, што як пачвары, і з самім сабой.