Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 149

Сергей Песецкий

— Але ж ты іх ненавідзіш!

— Так. Ненавіджу. Бо ненавіджу крывадушнасьць. Агіднае мне гэтае пусканьне пылу ў вочы. Я ж, халера, ніякі не буржуй; бацька селянін, дзед селянін — ссыльны. Яны ўласнымі рукамі ў Сібіры зь нічога гаспадарку наладзілі, і ўсё было добра. Самі жылі і людзям давалі. Прыходзяць спадары камуністы. Натуральна, вітаем спадарства, наша шанаваньне! Кажуць: зямля будзе ваша. Дзякуй — яна і так наша… А потым выйшла так, што ня наша. Працуй, як чорт, а ў цябе ўсё забяруць і выдзяляць, колькі захочуць. Дык навошта мне рабіць? І навошта яны да нас лезуць па апошні кавалак хлеба? Хіба мала зямлі? Хіба мала багацьцяў? Тут не 150 000 000, а дзесяць разоў па столькі жыць могуць. Толькі трэба перастаць пісаць дэкрэты і ўводзіць Саветы, а ўзяцца за працу!.. У нас масла бочкамі стаяла. 200 коней было, жытняга хлеба ня ведалі. Толькі пшаніца. А ў мінулым годзе паехаў я туды. Бацька памёр. Адзін брат расстраляны, другі ў турме. На гаспадарцы маці і малодшая сястра. Дзьве старэйшыя ад тыфу памерлі. Прыйшоў — руіны. Жанчыны зялёныя ад голаду. У лахманох ходзяць. Усё знасілі, а дзе новае возьмеш? Ніводнага каня. Рыбай жывяцца. Нават солі няма. Дык маю я права ненавідзець? Мне адзін камуніст, і гэта яшчэ з найлепшых, кажа цалкам сур’ёзна: «Вы думаеце, што чалавек — гэта такі вялікі скарб! Каштоўнасьць мае толькі ідэя. А чалавек што: сёньня жывы, заўтра яго ўжо няма. А ідэя жыве вечна. Калі мы хочам сапраўды чагосьці дасягнуць, то ня трэба гуляцца ў сантымэнты. Нам важная будучыня народу, умацаваньне сацыялізму». Вось і ўмацоўваюць — людзкімі касьцьмі… Я аднаго хачу дачакацца: чырвоных, фіялетавых, шэра-бура-малінавых, адзін чорт якіх уладаў! Толькі каб яны сапраўды чалавека шанавалі. Бальшавікі наракаюць на шкоднікаў, на контрарэвалюцыянэраў. А я безь перабольшаньня кажу, што расейская камуністычная партыя ня робіць нічога іншага, як толькі выхоўвае мільёны контрарэвалюцыянэраў. А яе ГПУ — гэта акадэмія контрарэвалюцыі. Калі б цяпер прыйшоў на зямлю Маркс і ўбачыў, што бальшавікі ўмудрыліся зрабіць пад шырмай яго вучэньня, то пракляў бы тую гадзіну, калі ён распачаў сваю працу. Першы пачаў бы зь імі змагацца.

— Слухай, — сказаў я Клядзінскаму, — хочаш зрабіць мне прыемнасьць?

— Ну?

— Скажы, зь якой нагі муха пачынае ісьці?

— А ты хочаш зрабіць мне прыемнасьць? Дык зламі сабе руку і нагу!.. Прычым тут нейкая муха?