Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 147

Сергей Песецкий

— Што здарылася? — пытаю.

Ён махнуў рукой.

— Нічога.

А на лбе зморшчыны, нібы вяроўкай хто перацягнуў; на шчоках жаўлакі гуляюць.

— Каліся! Што здарылася? Ну?

— Зараз. Толькі вып’ю.

Кульнуў шклянку гарэлкі. Не закусваючы, выпіў другую. Потым закурыў і доўга бубніў пальцамі па стальніцы.

— Ну, што здарылася? Відаць, нейкая непрыемнасьць.

— Так, халера яго бяры. За тую авантуру з жыдамі. Каб іх трасца ўзяла! Ніколі не чапаю!.. Але ж яны самі мяне зачапілі…

— Як гэта было?

— Разумееш, улез я ў купэ. Вагон нямецкі, дзьверы збоку. Ляжаць двое павярнуўшыся ад нашых і не сьпяшаюцца ўставаць. Маўляў, ты едзь стоячы, а яны — лежачы. Я аднаго ўзяў за каўнерык левай рукой, за портачкі правай, і пераклаў акуратненька на другую лаўку, на другога. І нават выбачыўся. Сказаў: «Не хацеў вас турбаваць просьбаю перасесьці. Сьпеце, спадарства, далей, удвух цяплей!» Ну, нічога, едзем далей. Адзін ляжыць, а другі зноў сеў на тую лаўку, на якой я сядзеў. Глядзіць на мяне, як каза на воўка. Цягнік спыніўся. Я зірнуў у акно: малая станцыя. А тут бяжыць жанчына. На руках малое. Дабегла да нашых дзьвярэй і хоча адчыніць. Торгае за клямку — аніяк. Я гляджу ўніз: трэба дапамагчы, цягнік зараз паедзе. І бачу, што той пудзель элегантна так зашчапку ручкай падпёр, і канцы. Во і адчыні тут дзьверы! Тады я яго лапку адсунуў набок, дзьверы адчыніў: «Калі ласка, заходзьце». Дапамог жанчыне ўвайсьці. А калі яна ўжо была ў купэ, я спачатку аднаго пудзеля, а потым другога, нават досыць далікатна, на пэрон высадзіў. А за імі і іх манаткі. «Да пабачэньня, спадарства!» Ніякай крыўды ім не зрабіў. Усё так дыпламатычна, культурна, з надзвычайнай пашанай. Бо я не антысэміт. А жыдовачак, дык нават наадварот — люблю ня менш, чым грыбочкі да гарэліцы. Брунэткі, разумееш, і досыць гарачыя. Ну вось, высадзіў іх, і ўсё. Уяві сабе, які яны гвалт узьнялі: рабунак з замахам на забойства і цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі, парушэньне недатыкальнасьці асобы! Натуральна, паліцыя, міліцыя, кантралёры, сэмафоры… Знайшліся і сьведкі-відавочцы: адзін з Клецку, другі з Ашмян, трэці сам толкам ня ведаў, адкуль. Накрэмзалі кілямэтровы пратакол. Ну, мае шанаваньні, да пабачэньня. Паехалі… Мне гэта ўсё да таго месца, адкуль у маёй Баські ногі растуць! А ведаеш, што мне сёньня стары загнуў на гэта?

— Ну?

— Сказаў, разумееш, што гэта нешляхетна. «Як гэта? — кажу, — я ж усё патлумачыў. Іначай нельга было. Я проста ўстаў на абарону грамадзянскай роўнасьці. Сродак грамадзкага транспарту прызначаны для ўсіх. Маю білет — еду. А жанчына, што ёй было рабіць: праз акно лезьці? Ці можа, на даху ехаць разам са шчанюком?» А ён толькі ўсьміхнуўся і кажа: «Паўтараю, гэта нешляхетна. Вы зрабілі гэта таму, што вы дужы, вы адзін маглі б і 50 такіх грамадзян зьбіць. Значыцца, вы мелі перавагу. А гэта ўжо нешляхетна. Па-другое — такім чынам нельга рэагаваць. Для гэтага ёсьць паліцыя, абслуга цягніка; зрэшты, вы запусьцілі жанчыну ў купэ, і ўсё ў парадку. Я мяркую, што вы зрабілі горш, чым яны».

Клядзінскі зноў выпіў шклянку гарэлкі.

— Ведаеш! Лепш бы ён мне ў морду даў ці сказаў, што я хам, ці нешта падобнае! Халера мяне бяры!