Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 146
Сергей Песецкий
Я разьвітаўся са Станельскім бяз крыўды. Наадварот, я разглядаю яго несумленнасьць да мяне за слабасьць і выбачаю яму яе. Я б хацеў, каб ён сапраўды стаў добрым агентам, бо іх так мала і яны так часта гінуць.
Учора раніцай я пайшоў да Клядзінскага. Адчыніў дзьверы і спыніўся на парозе — няма як увайсьці — калюга вады. А Клядзінскі, у падкасаных сподніках і кашулі, шараваў падлогу. Бася сядзела на падаконьні і назірала за працай брата. Калі я ўвайшоў, Клядзінскі павярнуўся да дзьвярэй.
— Ага! Здароў! Бачыш, як кепска быць буржуем: мануфактурным спосабам мушу працаваць. А ў Саўдэпіі гэта за мяне трактар зрабіў бы. Гэта, разумееш, наглядны ўрок для Баські.
Клядзінскі зноў пачаў шараваць падлогу. Я ўбачыў клетку зь дзьвюма папяровымі птушкамі, што вісела ля акна. Яны былі па-вучнёўску складзеныя з паперы і памаляваныя ў жоўты колер.
— Што ў цябе там у клетцы?
— Басьцы захацелася канарэек. Буржуйка. Вось я і купіў клетку і зрабіў ёй канарэек. Кажа: яны ж не сьпяваюць. А я ёй: пачакай, Басенька, трошкі. Цяпер у нас толькі першая фаза рэвалюцыі, а калі надыдзе трэцяя, тады птушкі засьпяваюць з радасьці, што камунізм напоўніцу ў жыцьцё ўвайшоў. Я ў таварышаў гэтых штучак набраўся. Голадна рабочаму — адразу яму Дом працы збудуюць: глядзі, які прыгожы! Холадна рабочаму — тут яму газэтку ў ручкі — пагрэйся, таварыш, навінамі пра посьпехі таварыша Чычэрына. Портак няма — але за тое маеш уласны Саўнарком. У вязьніцу трапіў — таксама гонар: ва ўласнай турме сядзіць на славу трэцяму Інтэрнацыяналу! А ну, Бася, пасьвістай птушкам, можа, азавуцца.
Мы пайшлі ў горад. Клядзінскі скіраваўся ва Управу, а я пайшоў у рэстаран, дзе павінен быў яго пачакаць. Ён прыйшоў праз паўтары гадзіны. Зусім іншы: злосны, у вочы не глядзіць. Паклікаў афіцыянта:
— Гарэлкі, і мігам!