Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 145
Сергей Песецкий
— Але вы самі ашуквалі Управу, даючы мне матэрыялы. Вы бралі ўдзел у нашым супольным ашуканстве.
— Фармальна так. У рэчаіснасьці — не, бо я добра выканаў заданьне, даў аўтэнтычныя матэрыялы… Ня думайце, што яны на мяне зь неба падаюць. За ўсё трэба плаціць. Паспрабуйце самі выканаць заданьне. Можа, вы здабудзеце матэрыялы проста так.
— Вядома, паспрабую. А грошы я вам абавязкова вярну.
— Зычу посьпеху. Грошай я не вазьму. А калі вы сапраўды хочаце стаць добрым агентам, то раю навучыцца глядзець на ўсё зусім іначай, чым глядзіць звычайны чалавек. Шпіён павінен ведаць усё. З-пад яго ўвагі не павінна выпадаць ніводная дэталь. Гэта найважнейшае. Вось вам прыклад. Вы ідзяце празь мястэчка. Бачыце тэлефонныя драты. У вас адразу павінна зьявіцца думка: куды яны вядуць? Калі ня пошта, то нейкая паляўнічая ўстанова. Трэба зайсьці туды зь якой-небудзь справай, і вось вы ўжо ведаеце. Бачыце нейкія новыя будынкі. Таксама трэба зьвярнуць увагу: разабрацца самому ці спытаць, што гэта такое. Казармы гэта, ці лазьні, ці пякарні? Часта іх прызначэньне схаванае. Але калі будуюць пякарню ці вялікую лазьню, а мястэчка малое, гэта сьведчыць пра тое, што тут рыхтуюць стратэгічны пункт і што тут падчас вайны могуць разьмяшчацца буйныя вайсковыя часьці. Трэба ўзяць мапу і агледзець тэрыторыю: пастарацца зразумець, чаму гэты пункт можа быць важны? Трэба дасьледаваць, ці будуюцца паблізу дарогі, і іх кірунак. Калі да мяжы ці ўздоўж яе, трэба зразумець, якое гэта можа мець значэньне… Едзеце вы чыгункай. Зважайце на кожную дэталь: шляхі, плятформы, масты. Прыслухоўвайцеся да кожнай размовы. Інфарматары інфарматарамі, заданьне заданьнем, матэрыялы матэрыяламі, але і ніколі ня будзе добрым шпіёнам той, хто ня мае адвагі, назіральнасьці і здольнасьці супастаўляць найдрабнейшыя факты. У нас ёсьць агенты, якія цяпер працуюць кепска — ня могуць здабываць добрых дакумэнтаў, бо ня маюць адпаведных інфарматараў. Але ведаючы іх асабіста, я лічу іх лепшымі выведнікамі за шмат каго з тых, якія даюць першарадныя матэрыялы. Гэтыя падчас вайны могуць выявіцца ні да чога не прыдатнымі. А тыя паўсюль пройдуць, усё ўбачаць і часам усяго адным паведамленьнем могуць прынесьці войску вялізную карысьць. І трэба зусім забыцца пра сябе і палюбіць гэтую працу. Трэба памятаць, што хоць шпіён заўсёды ў цяні, акурат ён беражэ войска, бароніць войска, змагаецца і гіне дзеля войска. Таму яго каштоўнасьць проста вялізная. І трэба, каб усьведамленьне гэтае было вышэйшае за ўсё — за ордэны, за павышэньні, за ўзнагароды… Калі хочаш быць добрым шпіёнам, то, маючы фальшывыя дакумэнты, ты павінен сапраўды зрабіцца тым, за каго ты сябе выдаеш. Езьдзіш як чырвонаармеец — павінен стаць тыповым чырвонаармейцам. Трэба пераймаць тое, як яны ходзяць, гавораць, расчэсваюцца, нават плююцца і кураць. Трэба зразумець іх псыхіку і засвоіць яе. Аднак нельга перабольшваць — ніводнага лішняга слова, руху, погляду. І ўсё павінна быць шчыра. Калі гаворыш пра Леніна, ты павінен сапраўды адчуваць захапленьне і любоў да правадыра народу. Калі гаворыш пра буржуазію, ты павінен сапраўды адчуваць нянавісьць да яе і паказваць гэта выразам твару, поглядам, жэстамі, тонам голасу. Усё гэта павінна стаць ужо ня маскай, а вашым зьместам. І толькі адна скурчаная клетка мозгу хай памятае і адзначае ўсё, што трэба для выведкі. І зьвяртайце ўвагу, каб у размове ня ўлазіць у невядомыя тэмы. Не філязафаваць… Ты чырвонаармеец — гавары пра тое, што ведае чырвонаармеец, што яму ўбіў ў галаву палітрук, што ён вычытаў у газэце «Красноармеец».