Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 144

Сергей Песецкий

— Ты нас баішся.

Я падхапіўся з ложка.

— Не, не баюся. Гіджуся. Разумееце! Вы агідныя! Навошта вы паказваецеся, такія агідныя?

Тады яны ўзяліся за рукі і пачалі танчыць. Але наступнай ночы не прыйшлі. Я думаў, што ўсё ўжо мінула. Каля другой гадзіны пагасіў сьвятло і хацеў заснуць. Раптам пачуў ля дзьвярэй шолах… лёгкі, нібы сьвіст, бесьперапынны. Я стараўся ня чуць яго, але шолах рабіўся ўсё гучнейшы. Тады я ўскочыў з ложка і паглядзеў на пакой. У поўнай цемры я ўбачыў чорную масу, што ўціскалася праз шчыліну пад дзьвярыма. Яна ўсё больш успухала, набываючы форму вялізнай тушы гіпапатама, і расла, расла, расла… Яна выглядала ўжо як абалонка батона, якую надзімалі газам. Раптам я заўважыў два маленькія, злосныя вочкі. Яны былі зеленаватыя. У іх паблісквалі залатыя іскры. І яны ўсё набліжаліся да мяне. Тады я схапіў са століка папяльнічку і кінуў у гэтую чорную тушу. Вочы замігцелі ў паветры і пачулася працяглае хрыпеньне. У калідоры за дзьвярыма я пачуў хіхіканьне.

Праз два дні да мяне прыйшоў ружовы слонік. Дзіўна, што я аднолькава бачыў яго і з расплюшчанымі, і з заплюшчанымі вачыма. Ён быў памерам з сабаку. Стаяў пасярэдзіне пакою, пераступаючы з нагі на нагу — нібы ідучы на месцы — і сьвідраваў мяне чырвонымі вочкамі. А ў такт ударам яго ног шаргаталі па кутах, пад ложкам, за дзьвярыма чыесьці рукі.

Цяпер слон прыходзіць штоночы. Ён вельмі злосны, але не нападае на мяне. Дзіўна, што я яго зусім не баюся. Лепей слон, чым тыя пачвары. Аднак я ведаю, што яны ня зьніклі назаўжды — толькі часова затаіліся. Але калі са мной хтосьці ёсьць, то гэтыя кашмары мяне ня мучаць. Таму я стараюся ніколі не заставацца адзін на ноч. Колькі разоў я ўсю ноч хадзіў па вуліцах, баючыся вярнуцца дадому. І цешыўся з таго, што дастаўляю ім расчараваньне. А калі раніцай вяртаўся ў нумар, то з агідай дакранаўся да прадметаў. Я ведаў, што яны ўсё абмацалі, абнюхалі, можа, нават спалі ў маім ложку.

Я два разы мяняў нумар. Але іх немагчыма падмануць. Яны заўжды мяне знаходзяць.

Берасьце, 26 верасьня 1923 г.

Сёньня размаўляў са Станельскім. Грошай, што належалі мне за працу, ён ня даў. Пачаў выкручвацца і клясьціся, што ўсё мне верне. Я зрабіў выгляд, што веру яму, і сказаў, каб ён узяў трэцяе заданьне… Я зрабіў гэтаму нягодніку рэпутацыю: яго разглядаюць за агента, які падае вялікія спадзяваньні, бо я ўжо другое заданьне выканаў за яго на сто працэнтаў. Калі ён прыйшоў да мяне вечарам і даў заданьне, я сказаў:

— Гэтае заданьне вы, даражэнькі, ужо самі выканаеце.

— Але ж я ня маю ніякай магчымасьці.

— Я, калі пачынаў працу выведніка, таксама ня меў ніякай магчымасьці. Нават грошай ня меў.

— Але вы мяне ўвялі ў зман.

— Ах, так! Тады пагаворым іначай. Я ніколі не парушаю слова. Можа, таму заўсёды ўсім веру. Але калі заўважаю падман нават у найдрабнейшых рэчах — ня веру ўжо ні ў чым. Калі вы мяне першы раз падманулі, я цалкам страціў да вас давер. Калі я даў сябе падмануць другі раз, то толькі таму, што хацеў яшчэ раз пацьвердзіць сваю выснову. І пацьвердзіў. А цяпер, калі ж бы вы заплацілі мне ўсё, калі ж бы вы нават прапанавалі мне 10 разоў столькі, колькі мне належыць, я вам ні ў чым не паверу. Ня думайце, што мне так важныя грошы. Гэта ж дробязь. Зрэшты, грошай у мяне досыць — я пару разоў добра зарабіў. Але мне важна не дазволіць цешыцца з уласнай хітрасьці людзям, якія апроч бессаромнасьці нічога ў сабе ня маюць. І я на вас не злуюся. Нават зычу вам посьпеху ў працы. Можа — у чым я сумняваюся — вы зробіцеся добрым агентам. Тады я пастараюся забыць, як вы са мной калісьці абышліся.