Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 143

Сергей Песецкий

Берасьце, 22 верасьня 1923 г.

Пачуваюся вельмі кепска. Толькі какаін дае мне забыцьцё. Удзень мне лягчэй, але ночы страшныя! Я іх вельмі баюся. Штодзень на ноч, вяртаючыся дадому, бяру з вуліцы прастытутку. Штораз іншую. Вяду на вячэру, паю гарэлкай і ідзём спаць. Абыходжуся зь ёй вельмі ветліва. Звышветліва. Гэта ж найстрашнейшы лёс. Заўжды прашу, каб яна расказала мне што-небудзь. Звычайна яны мяне не разумеюць. Пытаюцца:

— Што расказваць?

— Што хочаш.

Некаторыя замыкаюцца ў сабе. Іншыя гавораць ахвотна. Часта гавораць праўду. Яна пераважна безаблічная, сумная. Але ёсьць такія, што любяць прыдумляць. Гэтых я слухаю сапраўды зь цікаўнасьцю. Стараюся пытаньнямі расьцягваць аповед і вельмі баюся заснуць. Тады я застануся адзін. А аднаму мне ўночы так дрэнна. Амаль зусім ня сплю. А калі правалюся ў паўсон — кашмары. І такія жахлівыя, што абуджаюся ўвесь мокры ад поту.

У цемры ўвесь час бачу розныя пачварныя рэчы. Пераважна лапы і вочы. А часам раі залатых мурашоў. Лапы вырастаюць з-пад крэслаў, з-пад стала, з-пад ложка. Рухаюцца па падлозе і драпаюць дыван. А вочы ўвесь час набліжаюцца і аддаляюцца. Некаторыя вусьцішныя: жоўтыя з чырванаватым бліскам. Часта чую ўздыхі і сапеньне. Я добра разумею, што гэта трызьненьні. Заплюшчваю вочы, каб ня бачыць у цемры. Тады чуюцца шоргат шматлікіх ног, шэпты і хіхіканьне. Узьніму павекі — адразу вочы, вочы. Я спрабаваў накрываць галаву коўдрай. Тады чыесьці рукі абмацваюць коўдру, падушку, хочуць схапіць за рукі. Зброі яны не баяцца. Я колькі разоў выцягваў з-пад падушкі рэвальвэр. Тады яны толькі разыходзяцца па баках, утвараючы доўгі калідор.

Цяпер я найчасьцей бачу малых чалавечкаў з успухлымі жыватамі, тоненькімі ножкамі і рукамі зь вельмі доўгімі пальцамі. Шыі ў іх тонкія, гнуткія. Галовы купалападобныя, выцягнутыя ўверх. Вусны доўгія. Вочы круглыя, злосныя. У некаторых ёсьць рожкі. Але гэта ня чэрці. Чэрці былі б больш зразумелыя. А гэтыя агідныя, як сараканожкі. Асьлізлыя, пакрытыя гноем, без касьцей — я гэта ведаю. Яны ўвесь час выцягваюць вусны наперад, нібыта трубяць. Некаторыя высоўваюць доўгія сінія языкі ў форме бананаў. Калі я набліжаю руку да выключальніка электрычнай лямпы, яны шырока ўсьміхаюцца і гайдаюцца на гумовых ножках. А калі я ўключаю сьвятло — іх няма. Толькі шоргат гумовых ног паўзе па паркетнай падлозе і чуваць шэпты за дзьвярыма. Я разумею. Яны чакаюць, калі я выключу сьвятло. Не, не дачакаецеся! Я бяру кніжку і чытаю. Пры гэтым ведаю, што на мяне глядзяць дзясяткі чырвоных і жоўтых жывёльных вачэй. Я хачу паглядзець на іх, але не адважваюся. Я адчуваю іх пагляды на сваіх павеках, на твары, а мае вочы бяздумна блукаюць па радках кніжкі. Я ня ведаю, што чытаю. А калі раптам адарву вочы ад кніжкі і пагляджу на пакой — яны зьнікаюць… Каб зноў вярнуцца праз хвілю. Найбольш яны цешацца, калі я бяру рэвальвэр і кладу руку са зброяй на коўдру. Тады яны злосна сьмяюцца. Аднаго разу я пачуў словы: