Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 142
Сергей Песецкий
Скажыце, ці можна прайсьці ў поўнай цемры за сем гадзін 40 кілямэтраў па бездарожжы і зусім ня памятаць пра гэта? Я сьцьвярджаю, што можна, толькі трэба моцна трымацца за дзяржальню парабэлюма, нацягнуць на твар сьвінцовую маску шпіёна і слухаць сьпеў ветру. А ён цудоўна сьпявае! Вырывае мэлёдыю проста з сэрца і кідае яе ў душу:
І я ўжо нічога не чакаю.
А ранкам Клядзінскі, усё больш цьверазеючы з кожнай новай паўшклянкай гарэлкі, расказваў мне «барадатую» гісторыю:
— Ідуць двое па полі. «Паняў»? Ну і таго… Наўкола ані кусьціка, ані дрэўца. Як у небе — толькі тут выгнутае, а там увагнутае. Стэп, разумееш, так… раўніна, і ўсё. А дарога простая, простая… Ну, проста простая. Сонца паліць пякельна. Сьпірт, а ня сонца. Злосны сабака, і ўсё тут. Змучыліся зусім. Адзін кажа: «Ведаеш, Вася, давай пяройдзем на другі бок дарогі. Тут надта горача». Што ты думаеш: перайшлі. І ўздыхнулі. Адразу ім лягчэй зрабілася… Такая вось сытуацыя! Заўжды, калі кепска, шуруй на другі бок дарогі. «Паняў»?
— Не зусім.
— Ды няважна. Я сам сябе ня вельмі разумею. А ў Лагойску я пазаўчора ў «чырвоным кутку» ў шахматы гуляў. Усе зь мяне дзіваваліся. Я даў каралеву форы і кажу: я гуляю з усімі адразу і нікому не прайграю. Ну, адзін містык знайшоўся: амэрыканскія акуляры, партыйны білет, марксісцкі выраз твару. Камплект! Гуляем, гуляем… Урэшце ён кажа: «Шах і мат. Вы прайгралі, таварыш!» А я адказваю: «Вы ня маеце найменшай рацыі». — «Ну то што ж вы зробіце?» Я зьняў з дошкі караля і пытаюся: «Дзе мат?» — «Але ж, — кажа, — так нельга. Як жа без караля гуляць?» А я яму: «Дзіўны вы, таварыш! Мы ж зь 17-га году ўжо без караля гуляем, і не прайгралі. Каралеву я вам аддаў на пачатку гульні, а караля ліквідую цяпер. Во так. Можна гуляць далей». — «Але ж гэта ня мае сэнсу!» — «Ну добра. Зробім так: на месца караля пакладзем гузік». — «Добра», — кажа ён. Я адрэзаў гузік і паклаў на дошку. Ён адразу кажа: «Шах і мат гузіку!» А я яму кажу: «Во цяпер добра. Мушу прызнаць, таварыш, што ў гузікі вы добра гуляеце». Усе сьмяюцца. А ты думаеш, яны мяне зразумелі? Ані каліва. А гэта ж такая простая альгебра: я гаду нават у шахматы ня дам выйграць.
Антон ляжаў у адзежы і ботах на ложку. Спаў, як пшаніцу прадаўшы. Клядзінскі сказаў:
— Ніштаваты ў цябе прыяцель. Вёдрамі, мусіць, гарэлку жлукціў. Я дзьве гадзіны тут. Трас яго. Кажу: «Дружа, бровар гарыць!» Нічога. Крычу: «Троцкі павесіўся». Ні чуткі ні почуткі! Труп у сьмятане!
— Я думаў, гэта ты яго напаіў.
— Дзе там! У гэтым сэнсе ён самастойны. Мы разам паехалі ў Берасьце. У вагоне Болек выйшаў у прыбіральню, а потым вярнуўся і сеў ля акна. Падыходзіць кантроль: «Білеты!» Болек мацае сябе па ўсіх кішэнях. «Ня ведаю, трасца, куды яго сунуў. Пачакайце». Выварочвае кішэні, нават заглядае пад падшэўку. Урэшце ён кажа: «Калі ласка, заедзеце пазьней. Я пашукаю». Кантралёры на яго трохі падазрона паглядзелі, але пайшлі. Болек зноў у акно глядзіць. «Шукай білет», — кажу я. — «А навошта? Калі прыйдуць, буду шукаць». Прыходзіць кандуктар. «Вы знайшлі білет?» — «Так, — кажа Болек, — знайшоў». Здымае бот, сьцягвае з нагі шкарпэтку, дастае зь яе білет і кажа саладжава: «Калі ласка, вельмішаноўны». — «Але ж знайшлі месца для білета!» — «Сьцеражонага Бог сьцеражэ». Не разумею, навошта Болек урэзаў такую штуку.