Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 141

Сергей Песецкий

Раман выйшаў з нумару. Вера пэўны час у задуменьні глядзела на клямку дзьвярэй, потым вярнулася да стала. Доўга стаяла ля яго, хмурачы бровы і лоб. Бубніла пальцамі па стальніцы, а дождж скоса бубніў у шыбы.

* * *

Гэтым жа вечарам у кватэры Брагіных адбыліся заручыны Лізкі з Азімавым. Шлюб яны зьбіраліся ўзяць найбліжэйшымі днямі ў «Загсе».

А на Ніжняй Ляхаўцы ў гэты самы час у Любы пачаўся моцны крывацёк. Наташа, як магла, старалася ёй дапамагчы.

ДЗЁНЬНІК РАМАНА ЗАБАВЫ

Ракаў, 16 верасьня 1923 г.

Любы ўжо няма. Яна адышла ў нябыт сьпяваць свае «вясёлыя» песьні і пазбавіла людзей свайго добрага сэрца. Яна ўжо ня пройдзе басанож па расе, ня ўбачыць сонца, не ўдыхне сьвежага ранішняга паветра. Яна пакінула яму на памяць апошнюю песьню, якую яна сьпявала:

А дванаццатай гадзіне Я цябе чакала…

Мэлёдыя сапраўды вясёлая. Страшэнна вясёлая. Такая вясёлая, што ашалець можна, а сьлёзы, калі не пацякуць, паўдушы атруцяць.

Разьвітваюся з табою. Добра, што я хоць мог даць табе досыць папяросаў, якімі скараціў тваё жыцьцё і пакуты… Людзі ня вартыя таго, каб ты доўга сярод іх жыла.

Наташа патанула ў пакуце. Калі ўбачыла мяне, яна сказала:

— У мяне ўжо нічога няма на сьвеце!

І столькі ў гэтым было роспачы, што нават я ня мог яе суцешыць. Ёй вельмі патрэбная была гэтая звар’яцелая, хворая сьпявачка. Яна давала Наташы моц трываць, ведаючы, што мусіць ёй апекавацца. А цяпер гэтая найбольш трывалая сувязь, што лучыла яе з жыцьцём, зьнікла, і засталася пустка.

Я сядзеў зь ёй пару гадзін. Потым спытаў:

— А калі мы пойдзем у Польшчу?

— Ніколі.

— Чаму?

— Калі ласка, не пытайце. Я нічога ня ведаю, нічога не хачу. Я зразумела, што яна ня мае сілаў пачаць новае жыцьцё. Што баіцца яго, што яно ёй агіднае. Я нічога не магла знайсьці, каб падбадзёрыць яе. Калі б яна тады папрасіла ў мяне рэвальвэр, я б ахвотна ёй дала. Ёсьць людзі, якія не павінны так моцна пакутаваць. Але яна засцігла ў маўчаньні і роспачы.

Прыцемак захапіў куты і поўз па столі. Заліў увесь пакой. Мы маўчалі… Навошта гаварыць, калі і так усё вядома? Ужо ніколі не акажацца з другога пакою голас Любы:

— Наташа, я есьці хачу! Якая ты нядобрая!

Сапраўды нядобрая, але што зробіш? Паспрабуйце быць лепшымі. Прыдумайце яшчэ колькі сацыялістычных тэорыяў, каб зрабіць дармаедку Наташу добрай. Такая вось пякельна ўпартая буржуйка, што калі ёй няма што есьці, то за ёд хапаецца. І так па-ідыёцку адчайваецца па сконе хворай сяброўкі. Не разумее, што тая памерла дзеля дабра пралетарыяту, каб падмацаваць росквіт будучых пакаленьняў. Усе гэта выдатна разумеюць, і ЦК, і сакратар кампартыі. А яна не разумее. А ўсё таму, што не чытае «Правды», не марксістка, не займае пасады сакратаркі якога-небудзь высокапастаўленага камісара. Зрэшты, што зь яе ўзяць: небясьпечная контрарэвалюцыянэрка і клясавы вораг! Калі б было іначай, яна б лёгка зразумела — згодна з такой простай максымай: «Хто не працуе, той ня есьць» — што Люба нават жыць ня мела права.